Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 жніўня 2018, 20:04

Стружэцкі: творчая спадчына Ігара Лучанка - сапраўдная эпоха

8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творчая спадчына кампазітара Ігара Лучанка - сапраўдная эпоха. Такое меркаванне выказаў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі на адкрыцці выставы "Зачараваны музыкай" да 80-годдзя народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Ігара Лучанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кожная эпоха ў кожнай краіне запамінаецца гістарычнымі падзеямі, сімваламі, асобамі. І наша эпоха таксама запомніцца імёнамі, і адно з першых - Ігар Лучанок, таму што тое, што ён зрабіў у мастацтве і культуры - сапраўдная эпоха. Па вашых песнях пазнаюць Беларусь, вашы песні сталі не толькі канцэртнымі, але і душэўнымі, дамашнімі, блізкімі кожнаму", - сказаў Тадэвуш Стружэцкі. Можна гаварыць шмат патрыятычных слоў пра любоў да Радзімы, а можна проста паслухаць песню "Мой родны кут", якая прагучыць больш магутна, чым вялікія трактаты, лічыць ён.

У экспазіцыі ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, фатаграфіі, асабістыя рэчы кампазітара, віншаванні, граматы кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка, афішы.

Ігар Міхайлавіч адзначае 80-годдзе. Упершыню ў 1966 годзе Ігар Лучанок праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада "Память сердца" (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэта песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях: "Хатынь", "Если б камни могли говорить", "Письмо из сорок пятого", "Курган Славы", "Старое кино", "Майский вальс".

Кампазітар звяртаўся да творчасці многіх беларускіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі, а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Еўтушэнкі. Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях "Мой родны кут", "Я хаджу закаханы", "Спадчына", "Жураўлі на Палессе ляцяць". Неабходна адзначыць і кола лірычных песень, такіх як "Вераніка", "Алеся", "Зачарованая мая". Мелодыю "Песни про Минск" адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.

Выстава "Зачараваны музыкай" будзе працаваць па 24 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі