Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 жніўня 2017, 15:51

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года прадставяць на выстаўцы ў Мінску

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года будзе экспанавацца на выстаўцы "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і пяцігоддзю вяртання аднаго з экзэмпляраў знакамітага Статута ВКЛ, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

У гасцей выстаўкі, якая адкрыецца 1 верасня, з'явіцца магчымасць убачыць вышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэдніка еўрапейскіх Канстытуцый - Статут ВКЛ 1588 года. Кніга была выдадзена на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Тысячы статутаў, якімі карысталіся продкі беларусаў, былі страчаны, але ў 2012 годзе дзякуючы ахвяраванням адзін з экзэмпляраў быў выкуплены. Вяртанне на радзіму вядомага выдання стала працягам шматвяковай традыцыі мецэнацтва на Беларусі.

Адкрыццём для гасцей стануць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII стагоддзя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія будуць выстаўлены ўпершыню, а таксама зменшаная копія друкарскага станка, які існаваў у час Скарыны, зробленая вучнем мінскай гімназіі Маркам Кодзеневым.

Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, таму экспазіцыя "Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукаваныя кнігі" дае магчымасць зазірнуць у свет старадаўніх і рэдкіх выданняў з друкарань Полацка, Нясвіжа, Гродна, Магілёва, Вільнюса.

Выстаўка арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з музеем гісторыі Магілёва і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі