17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Статус клуба ЮНЕСКА прысвоены клубу аматараў гісторыі і культуры "Кліо", які дзейнічае на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж", паведамілі БЕЛТА ў гэтай дзяржаўнай установе.
Спецыялісты расказалі, што клуб "Кліо" функцыянуе з 2011 года. Ён з'яўляецца адзіным клубам ЮНЕСКА, які працуе ў Беларусі на гэты момант як на базе музея, так і на базе помніка, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У клубе выкарыстоўваюцца такія формы і метады работы, як лекцыі, гутаркі, круглыя сталы, віктарыны-конкурсы, гульні, музейныя заняткі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Члены клуба займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю: працуюць у бібліятэках, у сетцы інтэрнэт. У сваёй валанцёрскай дзейнасці яны аказвалі дапамогу рэстаўратарам Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж": працавалі з манетамі, этнаграфічнымі прадметамі з гліны і металу.
За гады работы клуб "Кліо" зацікавіў многіх юнакоў і дзяўчат, паколькі стаў месцам, дзе яны маюць магчымасць абмеркаваць праблемы гісторыі і культуры свайго краю.
Усяго ў Беларусі налічваецца больш за 50 клубаў ЮНЕСКА, якія працуюць ва ўсіх абласцях і Мінску. Яны ўваходзяць у рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА". Арганізацыя вядзе прапаганду гуманных прынцыпаў і ідэй ЮНЕСКА ў галіне адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі. Дзеці, маладыя людзі і дарослыя з актыўнай жыццёвай пазіцыяй уключаюцца ў дзейнасць па прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў ЮНЕСКА.-0-