Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 кастрычніка 2017, 10:45

Старт традыцыі правядзення абменных Дзён культуры паміж Беларуссю і ААЭ дадзены ў Мінску

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старт традыцыі правядзення абменных Дзён культуры паміж Беларуссю і ААЭ дадзены 23 кастрычніка ў Мінску. Аб гэтым заявіў на ўрачыстым адкрыцці Дзён культуры Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі міністр культуры Юрый Бондар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы даём старт новай традыцыі правядзення абменных Дзён культуры. Мерапрыемства знамянальна яшчэ і тым, што Дні культуры праводзяцца ў рамках святкавання 25-годдзя ўстанаўлення дыпадносін паміж Беларуссю і ААЭ", - сказаў Юрый Бондар.

Паводле яго слоў, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, дзве краіны пастаянна знаходзяць новыя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У Беларусі разглядаюць узаемадзеянне з ААЭ як адзін з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі.

"Ва ўсе часы мастацтва валодала ўнікальнай здольнасцю збліжаць людзей, прымушаць іх суперажываць адзін аднаму, адкрываць для сябе дзіўную шматколерную палітру пачуццяў, выяўленую ў слове, гуку, руху і маляўнічых палотнах. Упэўнены, што беларускія гледачы па заслугах ацэняць праграму Дзён культуры Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі", - адзначыў Юрый Бондар.

У сваю чаргу, вітаючы гасцей цырымоніі адкрыцця Дзён культуры ААЭ ў Беларусі, пасол Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Ахмад Мангуш Альтэнейджы выказаў упэўненасць, што арганізацыя такой падзеі сведчыць аб вялікім інтарэсе дзвюх краін адна да адной, партнёрскай і шчырай дружбе паміж двума народамі. Паводле яго слоў, ААЭ маюць найбагацейшую і разнастайную культурную спадчыну, з чым госці мерапрыемства атрымаюць магчымасць азнаёміцца ў бліжэйшыя дні.

Урачыстае адкрыццё Дзён культуры ААЭ ў Беларусі, прымеркаваных да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі, адбылося 23 кастрычніка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Праграму ўпрыгожыў паказ нацыянальнага адзення.

У галерэі да 26 кастрычніка будуць адкрыты для наведвальнікаў выстава выяўленчага мастацтва, арабскай каліграфіі, фальклорная пляцоўка рамёстваў і народнай творчасці.

У Белдзяржфілармоніі пры ўдзеле Дзяржаўнага камернага аркестра 25 кастрычніка пройдзе канцэрт класічнай і народнай музыкі майстроў мастацтваў ААЭ. На наступны дзень яны выступяць на сцэне Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Дні культуры Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Беларусі праходзяць 21-28 кастрычніка. Плануецца, што Дні культуры Беларусі ў ААЭ адбудуцца ў 2018 годзе.-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі