Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 мая 2018, 19:35

Спектакль "Радзіва "Прудок" пачынае сцэнічнае жыццё

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спектакль "Радзіва "Прудок" пачынае сцэнічнае жыццё ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Перадпрэм'ерны паказ адбыўся сёння ў Мінску, а прэм'ера назначана на 16 і 17 мая, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Перад паказам прадстаўнікі прэсы мелі магчымасць задаць пытанні аўтару "Радзіва "Прудок". Дзённік" Андрусю Горвату і рэжысёру спектакля, акцёру Купалаўскага тэатра Раману Падаляку.

Кароткія заметкі сталі асновай для аповеду пра беларускага журналіста і дворніка, які адправіўся ў родную вёску, каб аднавіць дом продкаў і знайсці сваё месца ў свеце. У спектаклі зроблены акцэнт на ідэі ўнутранага космасу - як самай эмацыянальна блізкай кожнаму патэнцыяльнаму гледачу.

Як падзяліўся Раман Падаляка, было няпроста выкласці дзённікавыя кароткія запіскі ў складны твор. Аднак пры вялікім жаданні, як аказалася, такое магчыма. "Для мяне важна, каб людзі, якія чыталі кнігу, спектакль паглядзелі, таму што мне, напрыклад, было б цікава ўбачыць, як усё перамяшалася. Кніга іншая, і ў кожнага ёсць свой любімы момант. Гэты спектакль - наш погляд на тое, як можна падарожнічаць па планеце Прудок", - сказаў рэжысёр.

Аўтар кнігі Андрусь Горват не ўдзельнічаў у рабоце над спектаклем, лічачы, што гэта павінен быць асобны твор. Ён падзяліўся, што для яго пастаноўка - магчымасць паглядзець на сябе збоку. "Перадаць "Радзіва" са сваіх рук у іншыя - своеасаблівае выпрабаванне для мяне як аўтара. Я разумею, што сёння ў яго скончыцца адно жыццё і пачнецца зусім новае. З аднаго боку, гэта радаснае адчуванне, а з іншага, крыху страшнавата. І ўсё ж цікава - тым больш што я даверыў сваю кнігу не якому-небудзь чужому дзядзьку, а чалавеку, якога даўно і добра ведаю і які ўклаў у свой спектакль па ёй шмат любові", - сказаў Андрусь Горват.

У пастаноўцы заняты тры акцёры: Міхаіл Зуй, Святлана Анікей і Дзмітрый Есяневіч. Яны выконваюць шэсць роляў.

Спектакль будзе ісці на малой сцэне Купалаўскага тэатра, а летам плануецца яго паказ для жыхароў вёскі Прудок - герояў дзённіка і пастаноўкі. Квіткі на чэрвеньскія паказы ў Купалаўскім былі прададзены на працягу шасці гадзін.

Праект ажыццёўлены пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і кампаніі velcom.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі