Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 сакавіка 2018, 11:12

Спектакль "Ліпень" стане першай падзеяй тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт-2018"

6 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Спектакль "Ліпень" паводле тэксту Івана Вырыпаева ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса стане першай падзеяй Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт-2018", які пройдзе 21-27 сакавіка ў Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Пастаноўку пакажуць 21 сакавіка на малой сцэне аблдрамтэатра. Спектакль адкрые спецыяльную праграму форуму.

У арт-фае ўстановы культуры будзе арганізавана выстаўка вулічных здымкаў маладога фатографа Ігара Галавачова "Эй, таварыш!". На фота жыхары Магілёва паўстануць у выглядзе персанажаў і герояў абсурднай п'есы гарадскога жыцця, а ціхія, непрыкметныя месцы-дэкарацыі пакажуць характар і ўнікальнасць абласнога цэнтра.

У час форуму адбудуцца майстар-класы. Іх правядуць вядомы расійскі тэатральны рэжысёр, педагог Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў Генадзь Трасцянецкі і дацэнт кафедры сцэнічнай мовы Ларыса Шурынава. У майстэрні маладой рэжысуры разам з магілёўскімі акцёрамі Каміля Хусаінава на працягу тыдня будзе рыхтаваць эскіз спектакля паводле апавядання Васіля Быкава "Жоўты пясочак". Запланаваны і круглы стол на тэму "Маладая рэжысура. Праблемы прафесійнай самарэалізацыі".

Не адмовяцца ў бягучым годзе і ад штодзённых прэс-канферэнцый, дзе будуць абмяркоўваць прагледжаныя спектаклі тэатральныя крытыкі, удзельнікі і госці фестывалю, гледачы і прадстаўнікі СМІ.

На працягу сямі дзён на сцэнічных пляцоўках форуму запланаваны паказ 23 спектакляў 22 тэатраў з 9 краін: Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі, Германіі.

Праект стартаваў у 2006 годзе. За 12 гадоў форум стаў адной з самых значных і чаканых культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За гады правядзення фестывалю было паказана 190 спектакляў з 20 краін. Іх паглядзела больш за 40 тыс. гледачоў.

Заснавальнікамі форуму з'яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі