Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 верасня 2017, 12:39

"Скрыпка Ротшыльда" прызнана лепшым спектаклем фестывалю "Белая вежа-2017"

18 верасня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. "Скрыпка Ротшыльда" ў пастаноўцы Маскоўскага тэатра юнага гледача прызнана лепшым спектаклем XXII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Увечары 16 верасня адбылася цырымонія афіцыйнага закрыцця тэатральнага форуму. Рашэнне экспертнага савета абвясціла тэатральны крытык Людміла Грамыка. Яна выказала словы ўдзячнасці арганізатарам "Белай вежы", дзякуючы якім Брэст на працягу амаль чвэрці стагоддзя становіцца тэатральным скрыжаваннем Еўропы. За 22 гады існавання фестывалю яго наведалі майстры мастацтваў амаль з 60 краін свету. "Гэта бясспрэчна буйнейшы гуманітарны праект нашай краіны", - адзначыла тэатразнавец.

У намінацыі "Лепшы спектакль малой формы" перамагла пастаноўка мінскага Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшэн" "Опіум". Лепшым монаспектаклем прызнана работа Магілёўскага абласнога тэатра лялек "Сіняя-Сіняя". Дыпломам фестывалю за лепшую мужчынскую ролю адзначаны венгерскі акцёр Петэр Хавасі, які сыграў прынца Філіпа ў спектаклі "Івона, Прынцэса Бургундская". Актрыса рускага драматычнага тэатра Літвы Берутэ Мар удастоена дыплома за лепшую жаночую ролю ў монаспектаклі "Анёлы Дастаеўскага". Лепшая рэжысура, на думку экспертаў, была ў пастаноўкі "Іванаў" тэатральнай студыі "Theaomai" з Вільнюса.

Усяго ў конкурснай праграме фестывалю прынялі ўдзел 28 спектакляў розных жанраў і форм, якія паглядзелі больш за 10 тыс. гледачоў. Старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Красоўскі падзякаваў удзельнікам тэатральнага форуму за творчае майстэрства і адзначыў, што гарадскія ўлады будуць усяляк садзейнічаць таму, каб фестываль прадаўжаўся. "Літаральна гэтымі днямі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў канцэпцыю святкавання тысячагоддзя горада. Там дакладна прапісана, што такія культурныя мерапрыемствы, як "Белая вежа", "Студзеньскія музычныя вечары", абавязкова павінны адбыцца", - паведаміў старшыня гарсавета.

Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё тэатральнага форуму заслона "Белай вежы" яшчэ не апушчана. Спецыяльны госць фестывалю, вядомы расійскі акцёр Аляксандр Балуеў 17 верасня выступіў на вялікай сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы ў ролі рэжысёра і галоўнага героя камедыі "Усім добры вечар!".

XXII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" праходзіць з 8 па 17 верасня. Арганізатарамі форуму выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі