Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 мая 2018, 10:19

Сярэднявечны лагер узновяць на фестывалі ў Пінскім раёне

17 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Пінскім раёне 19 мая пройдзе фестываль гісторыі і краязнаўства "Гарадзішча-Пінеск", прымеркаваны да Года малой радзімы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

З ініцыятывай правядзення мерапрыемства выступілі прадстаўнікі "Кавальскай майстэрні", што дзейнічае пры Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Першапачаткова яны рыхтаваліся да справаздачнай выстаўкі кавальскіх вырабаў. Затым узнікла ідэя арганізаваць на адкрытым паветры фестываль, каб расказаць пра жыццё продкаў у сярэднія вякі. Месцам правядзення выбрана вёска Гарадзішча, дзе амаль 1 тыс. гадоў таму знаходзілася старажытнае славянскае паселішча.

Наведвальнікі фэсту змогуць убачыць, у якіх умовах жылі людзі на гэтай тэрыторыі некалькі стагоддзяў таму, як праходзіў іх дзень. "Мы стварылі каля 50 новых бытавых прадметаў, некаторых відаў узбраення, рэканструявалі адзенне славянскіх воінаў. Зрабілі характэрную для той эпохі мэблю, майстар ганчарнай справы дапамог узнавіць гліняны посуд. Таксама нам удалося рэканструяваць горан на мяхах", - адзначыў кіраўнік творчага аб'яднання "Кавальская майстэрня" Аляксей Наздрын.

Для гасцей фестывалю будуць арганізаваны майстар-класы па традыцыйных народных промыслах. Яны змогуць паўдзельнічаць у старадаўніх беларускіх забавах, гульнях і конкурсах, пабываць на экскурсіі, паслухаць гістарычныя лекцыі. Таксама рэканструктары ўзновяць некалькі эпізодаў сярэднявечных баёў.

"Мы хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да археалагічнага комплексу ў Гарадзішчы. Аб ім ведаюць нямногія, хоць ён знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад горада. Паводле адной з версій, менавіта Гарадзішча паслужыла протагорадам Пінска. У Год малой радзімы гэта гістарычная мясціна набывае асаблівае значэнне", - падкрэсліў Аляксей Наздрын.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Пінскі райвыканкам, Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, творчае аб'яднанне "Кавальская майстэрня".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі