Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 ліпеня 2017, 19:43

Саламяныя павукі-абярэгі сталі сувенірным брэндам Быхава

17 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Саламяныя павукі-абярэгі сталі сувенірным брэндам Быхава, а адроджаная традыцыйная тэхналогія іх вырабу ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і ініцыятар ідэі адраджэння пляцення саламяных павукоў у Быхаве Ірына Кухціна.

Паводле яе слоў, у Быхаўскім раёне сабрана самая вялікая калекцыя павукоў-абярэгаў (больш за сто), і яна пастаянна папаўняецца. Мясцовыя майстры асвоілі тэхніку пляцення некалькіх разнавіднасцей "лаўцоў сноў" (пірамідальных, ромбападобных, тэматычных - прысвечаных розным святам) і некалькіх памераў. Самае галоўнае ў павуку - гэта аснова і маленькія павучкі, якія могуць рухацца. Згодна з павер'ем, менавіта яны на працягу года, як павуціна, збіралі ўсю адмоўную энергію (ад дрэннага слова, погляду, думкі і г. д.). На Каляды абярэг спальвалі, і на яго месцы з'яўляўся новы. Цяпер, вядома, гэтай традыцыі няма, паколькі саламяны павук выконвае ўжо зусім іншую функцыю - дэкору інтэр'ера, твора мастацтва. Важна, што майстар закладвае ў яго часцінку сваёй душы, цяпла, творчага натхнення, і саламяны талісман здольны гэта перадаць свайму ўладальніку, радаваць прыгажосцю і вытанчанасцю форм. Да таго ж сама па сабе салома нясе ў сабе жывую энергію прыроды, мае незвычайную прыцягальную сілу.

"Інструкцыю па вырабе падвеснай саламянай канструкцыі "павук" у кнігах не знойдзеш. Уменне гэта перадавалася ад маці дачцэ, і не было патрэбы ў апісаннях. Таму нашай галоўнай задачай было адрадзіць майстэрства продкаў і не даць яму знікнуць, - адзначыла Ірына Кухціна. - І мы нямала зрабілі ў гэтым напрамку". Землякі-ўмельцы перадаюць сакрэты свайго майстэрства настаўнікам Быхаўскай школы мастацкіх рамёстваў і дзецям. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі могуць ствараць абярэгі сваімі рукамі. "Па сутнасці, сёння саламяны павук стаў своеасаблівым сувенірным брэндам Быхава. Ён прысутнічае на ўсіх буйных мерапрыемствах, конкурсах, выставах і кірмашах. Цікавасць да гэтага вырабу вялізная, таму ў яго ёсць не толькі цікавае мінулае, але і добрая будучыня!" - пераканана майстар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі