Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2016, 10:46

Руслана Панчышына прадставіць Беларусь на конкурсе "Дзіцячая Новая хваля-2016"

27 ліпеня, Мінск /Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА/. Дзесяцігадовая Руслана Панчышына прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Дзіцячая Новая хваля-2016". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў бацька юнай вакалісткі Раман Панчышын.

Паводле яго слоў, Руслана верыць у поспех і падставы для гэтага ёсць, паколькі ў дзяўчынкі вялікі багаж музычных конкурсаў, на якіх яна заўсёды займала лідзіруючыя пазіцыі. Тым не менш беларуская выканаўца разумее, што ўдзел у вакальных спаборніцтвах - вялікая праца і для перамогі неабходна вельмі шмат складнікаў. "У музычных конкурсах усё больш складана, чым, напрыклад, у спорце: прыбег першым - значыць, перамог. У час выступлення вакалістаў улічваюцца розныя фактары, - адзначыў Раман Панчышын. - Вялікую ролю адыгрывае песенны рэпертуар, на чым і быў зроблены акцэнт пры падрыхтоўцы".

Канкурсанты на "Дзіцячай Новай хвалі-2016" вельмі моцныя. "У паўфінал прайшлі 76 дзяцей, а першапачаткова ў адборы ўдзельнічалі каля 900 прэтэндэнтаў. Таму мы вельмі ганарымся тым, што ўвайшлі ў лік фіналістаў. Аб сур'ёзнай канкурэнцыі сведчыць тое, што сярод 16 чалавек, якія вытрымалі адбор, трое выступалі за свае краіны на дзіцячым "Еўрабачанні" ў мінулыя гады, а пяцёра ўдзельнікаў ужо зарэкамендавалі сябе на шоу "Голас". Мне асабліва запомніліся дзеці з Расіі і прадстаўніца Грузіі", - расказаў Раман Панчышын.

Праз тыдзень Руслана Панчышына адправіцца ў міжнародны дзіцячы цэнтр "Артэк", дзе пачынаецца падрыхтоўка да конкурсу. А цяпер юнай выканаўцы далі час адпачыць ад рэпетыцый, каб набрацца сіл і энергіі для ўдзелу ў паказе, які пройдзе з 11 па 13 жніўня.

Усяго 16 юных талентаў будуць прадстаўляць свае краіны на конкурсе і змагацца за першыя месцы. Акрамя каштоўных прызоў за першае, другое і трэцяе месца, уручаецца прыз глядацкіх сімпатый - дыплом пераможцы і прыз "Брыльянтавая хваля". Пераможца вызначаецца па выніках галасавання ў канцэртнай зале, а таксама з улікам галасоў у інтэрактыўным рэжыме сайта конкурсу.

Руслана Панчышына - лаўрэат I ступені конкурсу Riga Symphony (Латвія) у 2014 годзе, лаўрэат I ступені конкурсу Orfeo in Italia (Італія) у 2014 годзе, лаўрэат I ступені конкурсу Vonderland (Грузія) у 2015 годзе, лаўрэат III ступені Berliner Perle (Германія) у 2015 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі