12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ролік пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі адкрыў "Турыстычны відэадаведнік", паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Ролік пра візітную картку турыстычнага Мінска НББ - адзін з першых у серыі відэа аб магчымасцях беларускага турызму ў адкрытым доступе на канале YouTube.
У час інтэрв'ю з дырэктарам бібліятэкі Раманам Матульскім вядучы даведаўся пра ўсе самыя цікавыя факты аб "алмазе ведаў", наведаў святая святых - кнігасховішча і нават уласнаручна зрабіў чытацкі заказ. Аўтар праекта - Андрэй Гузель.
З роліка можна даведацца пра "беларускі алмаз", яго ўнікальны дзесяцімільённы фонд, музей кнігі, самыя рэдкія і каштоўныя выданні, якія захоўваюцца ўжо некалькі соцень гадоў. Відэа атрымалася максімальна адкрытым, пазнавальным не толькі для турыстаў, але і для беларусаў, адзначылі ў бібліятэцы.-0-