Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 верасня 2016, 14:00

Рэжысёры з сямі краін пазмагаюцца за прыз конкурсу нацыянальных кінашкол "Лістапада-2016"

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэжысёры з сямі краін пазмагаюцца за прыз конкурсу нацыянальных кінашкол XXXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Прадстаўнікі нацыянальных кінашкол пазмагаюцца за ўзнагароды "Лістапада" пяты раз. У гэтым годзе ў конкурсе прадстаўлены карціны маладых рэжысёраў з Беларусі, Украіны, Расіі, Ізраіля і міжнароднай кінашколы DOC NОMANDS. Навучанне ў гэтай школе праходзіць у Партугаліі, Бельгіі і Венгрыі, а вучацца там студэнты з усяго свету. У праграме XXXIII ММКФ "Лістапад" маюць намер удзельнічаць Майстэрня дакументальнага кіно Сяргея Букоўскага, Кіеўская нацыянальная кінашкола ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання імя Карпенкі-Карагі, Маскоўская школа новага кіно, Міжнародная школа DOС NOMADS, Ізраільская школа САПІР, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Паказы фільмаў пройдуць на асноўнай пляцоўцы дакументальных праграм ММКФ "Лістапад" - кінатэатры "Мір" 5-7 лістапада.

Конкурс нацыянальных кінашкол праводзіцца з 2012 года. За гэты час было паказана больш як паўсотні фільмаў студэнтаў і выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Эстоніі, Грузіі, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Чэхіі, Даніі, Італіі, Фінляндыі.

Конкурс задумваўся як вялікі майстар-клас, у час якога студэнты знаёмяцца адзін з адным, абмяркоўваюць свае работы, сустракаюцца з майстрамі. Заўсёды цікава даведацца, як пабудавана навучанне ў іншых кінашколах, аб чым здымаюць равеснікі, як складаецца творчы лёс выпускнікоў. У час фестывалю завязваюцца сяброўскія кантакты і ўстанаўліваюцца прафесійныя сувязі, якія абавязкова спатрэбяцца ў будучым. У час сустрэч з выкладчыкамі ўсе, каму гэта цікава, даведаюцца аб умовах паступлення і навучання ў кінашколах, змогуць абмеркаваць магчымыя сумесныя праекты.

Як і на мінулым "Лістападзе", праграма маладога дакументальнага кіно ўключае работы пачынаючых аўтараў, якія закранаюць шырокі спектр тэм і працуюць з разнастайнасцю сюжэтаў. Гледачы ўбачаць музычны фільм аб жыцці "сучаснай Эдзіт Піяф" са Страсбурга, яркія ізраільскія гісторыі пра сапраўднае сяброўства і цяжкасці жыцця афрыканскіх бежанцаў; візуальна-паэтычнае разважанне аб ўзаемаадносінах чалавека і фаўны, шчымлівы ўспамін аб родным доме і сям'і, пакінутай з-за ваенных дзеянняў на Данбасе і многае іншае.

Традыцыйна, сярод удзельнікаў конкурсу работы вучняў вядучых рэжысёраў-дакументалістаў, чые фільмы не раз паказваліся ў конкурсных і пазаконкурсных праграмах "Лістапада". Гледачы ўжо бачылі работы вучняў Марыны Разбежкінай, Аляксандра Сакурава, Барыса Караджава, Гелены Трэшцікавай. У гэтым годзе мінчане змогуць паглядзець фільмы студэнтаў майстэрні ўкраінскага рэжысёра, лаўрэата Нацыянальнай прэміі імя Тараса Шаўчэнкі, Сяргея Букоўскага, які не толькі прадстаўляў свае фільмы, але і прыязджаў у Мінск у якасці члена журы.

XXXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе 4-11 лістапада, яго слоган - "Насустрач натхненню". Пляцоўкай цырымоній адкрыцця і закрыцця стане кінатэатр "Масква". Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі