Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 чэрвеня 2018, 12:30

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" адкрываецца ў Гомельскай вобласці

20 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" пройдзе з 20 па 24 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі (Гомельская вобласць), паведамілі БЕЛТА ў Гомельскім аблвыканкаме.

Удзельнікамі фестывалю стануць носьбіты і пераемнікі мастацкіх традыцый - аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці з Беларусі, самабытныя калектывы блізкага і далёкага замежжа, выканаўцы народных бытавых танцаў, народныя музыканты, майстры розных відаў рамёстваў, расказчыкі народнай прозы і іншыя.

У першы фестывальны дзень адкрыюцца выстаўкі тэматычных выцінанак, фотакалекцый, партрэтаў прадстаўнікоў народнай культуры, пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, на якой разгледзяць праблемы этнавыхавання.

Урачыстае адкрыццё фестывалю з канцэртам-віншаваннем "Кружыць святочны карагод" запланавана на 21 чэрвеня. У гэты ж дзень пачнецца і конкурсная праграма, якая будзе доўжыцца тры дні. Сваім майстэрствам будуць здзіўляць танцавальныя пары і калектывы, дзіцяча-маладзёжныя фальклорныя калектывы, вакальныя і інструментальныя ансамблі, фальклорныя групы, індывідуальныя выканаўцы.

Таксама ў праграме - свята народнай харэаграфіі, музыкі і песні "Рудабельскі баль", "Рудабельскае Купалле", свята народнай творчасці "Рудабельскі кірмаш". Акрамя таго, гасцей фестывалю чакаюць майстар-класы, музычна-забаўляльныя і танцавальна-гульнявыя мерапрыемствы, выстаўкі, канцэрты.

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" праводзіцца з 1998 года. Ён нацэлены на падтрымку народнай творчасці, захаванне і пераемнасць традыцый рэгіянальнай і мясцовай мастацкай культуры, далучэнне дзяцей і моладзі да розных відаў фальклору, павышэнне мастацкага ўзроўню і выканальніцкага майстэрства калектываў.

Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд культуры".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі