Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 верасня 2017, 17:03

Развіццё беларускага кнігадрукавання ў сусветным кантэксце абмяркуюць 2 верасня ў Полацку

1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны круглы стол "Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пачне сваю работу 2 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Ужо больш за дзясятак гадоў круглы стол праходзіць у Дзень беларускага пісьменства і збірае вядомых пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх дзеячаў са многіх краін. Удзельнікі абмяркоўваюць актуальныя тэмы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, праблемы перакладу нацыянальных літаратур, пытанні сучаснага кнігавыдання і літаратурнай перыёдыкі.

На гэты раз мерапрыемства прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, і на ім будзе абмяркоўвацца адразу некалькі важных тэм: Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання; 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як знакавая падзея ў культурным жыцці розных народаў; развіццё беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі.

Сярод замежных удзельнікаў чакаюцца старшыня савета грамадскай арганізацыі "Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі", заслужаны дзеяч навукі Расіі, прафесар Сяргей Кандыбовіч; паэт, празаік, публіцыст, кандыдат сацыялагічных навук, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Казакоў; пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Роман-газета" Юрый Казлоў; галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.А.Аўэзава Міністэрства навукі і адукацыі Казахстана, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Ананьева; паэт, празаік, дырэктар выдавецтва "Трыс жвайгждутэс" Яронімас Лауцюс; пісьменнік, доктар філасофіі, лаўрэат прэміі Г.Б.Зардабі, Расула Рзы і "Залатое слова" Міністэрства культуры Азербайджана Камран Назірлі; прарэктар Латвійскага ўніверсітэта, філолаг, палітычны дзеяч Іна Друвіетэ; дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Узбекістана Алішэр Абдуазізаў; дырэктар Бакінскага музея мініяцюрнай кнігі, член таварыства дружбы і супрацоўніцтва "Азербайджан-Беларусь", заслужаны работнік культуры Азербайджана Зарыфа Салахава; перакладчык, прафесар французскай літаратуры Жан Гараньён і іншыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва з 12 краін.

Арганізатарамі круглага стала выступілі Міністэрства інфармацыі, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", РВУ Выдавецкі дом "Звязда", ВРУП "Мастацкая літаратура", Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі