Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2017, 11:56

Разумець мову ўзораў неглюбскіх ручнікоў навучаць на выставе ў Гомелі

29 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава неглюбскіх ручнікоў "Як ты пішаш літары, так я - узоры" адкрываецца 29 жніўня ў Гомелі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І.Герцэна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.

Аснову экспазіцыі складуць ручнікі неглюбскай традыцыі ткацтва з фондаў Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава. Больш за 20 тканых вырабаў другой паловы XIX - канца XX стагоддзяў праз арнаментальныя знакі і сімвалы раскажуць аб асноўных цыклах земляробчага календара беларусаў, абрадах, святах і г.д.

"Назву выставе далі словы ткачыхі з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Настассі Грыньковай, якія яна адрасавала навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея, калі вучыла іх ткацтву", - растлумачылі субяседнікі.

Неглюбская традыцыя ткацтва захавала старажытныя ўзоры-знакі, многім з якіх больш за 4 тыс. гадоў. "Кампазіцыі арнаменту ручнікоў маюць пэўныя паслядоўнасці знакаў-сімвалаў, у якіх захаваўся архаічны "сінтаксіс". Семантыка арнаменту дае магчымасць адправіцца ў падарожжа ў часе, даведацца пра ўяўленні аб светаўладкаванні нашых далёкіх продкаў", - пракаменціравалі арганізатары. Паводле іх слоў, экспазіцыя нацэлена на тое, каб расказаць наведвальнікам, як чытаць знакі і самі тканыя "тэксты", разумець архаічную мову ўзору ручнікоў.

Акрамя таго, на выставе можна будзе ўбачыць рытуальныя рэчы, звязаныя з каляндарна-абрадавымі святамі, а таксама фотаздымкі, якія ілюструюць асноўныя падзеі народнага календара беларусаў.

На цырымоніі адкрыцця гасцей чакае не толькі цікавая экскурсія ў свет сімвалаў, кодаў і знакаў нашых продкаў, але і аўтэнтычныя абрадавыя песні.

Экспазіцыя будзе працаваць да 14 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі