10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рассакрэчаныя архівы Беларусі і Расіі пакладзены ў аснову кнігі "Кирилл Мазуров. О чем молчало время…", якая выйшла ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.
"Кніга падрыхтавана на аснове дакументаў з архіваў Беларусі і Расіі. Гэта новы погляд на падзеі складанага, супярэчлівага і неадназначнага ХХ стагоддзя, відавочцам і непасрэдным удзельнікам падзей якога быў беларус, вядомы палітычны дзеяч Кірыла Трафімавіч Мазураў, першы сакратар ЦК КПБ, першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР", - расказаў ён.
Аўтар кнігі - пісьменнік, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева, навуковы кансультант - прафесар МДІМА, доктар гістарычных навук Наталля Капітонава. Упершыню ў беларускай літаратуры зроблена спроба на аснове шырокай даследчай базы, раней невядомых дакументаў, якія доўгія гады захоўваліся ў архівах пад грыфам "Зусім сакрэтна", "Асаблівы сектар", асабістых дзённікавых запісаў і няскончаных успамінаў Кірылы Трафімавіча, пераасэнсаваць час, у які ён жыў і працаваў, па-новаму паглядзець на падзеі той эпохі, вакол якіх і сёння не сціхаюць спрэчкі, халодная вайна, Чэхаславакія, Афганістан, смелыя эканамічныя рэформы ў СССР, што ўвайшлі ў гісторыю як касыгінскія, у рэалізацыі якіх Кірыла Мазураў прымаў непасрэдны ўдзел.
Паводле слоў Наталлі Голубевай, у кнізе ўпершыню прадстаўлены дакументы важных палітычных падзей, якія адбываліся ў СССР, у прыватнасці, ліпеньскага 1957 года пленума ЦК КПСС з асуджэннем антыпартыйнай групоўкі Молатава, Малянкова, Кагановіча. Ёсць і дакументы, якія абвяргаюць пасіўнасць і бяздзейнасць кіраўніцтва краіны ў самыя складаныя для СССР моманты. Нядаўна рассакрэчаны "Дневник работы ЦК КП(б) Белоруссии" (пачата 22 чэрвеня 1941 г., закончана 19 жніўня 1941 г.) дае магчымасць даведацца, як рэальна была арганізавана работа вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі ў самыя драматычныя першыя дні вайны. Упершыню публікуюцца вытрымкі з дзённіка Кірылы Мазурава, які ён вёў у Чэхаславакіі ў драматычныя дні жніўня 1968 года, куды быў накіраваны па рашэнні ЦК КПСС. Доўгія гады лічылася, што такога не існавала наогул. І толькі праз 50 гадоў пасля тых падзей удалося знайсці гэты ўнікальны дакумент.
У выданні таксама ўпершыню прадстаўлены аналіз значнай колькасці дакументаў аб рабоце ўрада СССР, што дае магчымасць зразумець, як складана прымаліся многія рашэнні, асабліва па пытаннях знешняй палітыкі.
"У кнізе расказваецца і аб вялікай чалавечай павазе да Мазурава людзей простых і вядомых, тых, з кім пачынаўся шлях у вялікую палітыку, і тых, з кім давялося прайсці дарогамі партызанскай вайны на тэрыторыі рэспублікі, людзей розных прафесій і ўзростаў. І яшчэ шмат невядомага аб падзеях, людзях, аб неардынарных рашэннях тых, хто нават ва ўмовах, якія выключаюць усялякую свабоду меркаванняў, бачыў, разумеў і перагібы, і памылкі партыйнага кіраўніцтва, не баяўся адкрыта гаварыць аб іх, адстойваць іншы пункт гледжання", - расказала Наталля Голубева.
Прэзентацыя кнігі "Кирилл Мазуров. О чем молчало время…" адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 11 красавіка ў 16.00.-0-