9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэзентаваная на "Славянскім базары" скульптура Восіпа Цадкіна "Вяртанне блуднага сына" застанецца ў Віцебску. Аб гэтым паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, куратар карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк" Аляксандр Зіменка.
Паводле яго слоў, кульптура "Вяртанне блуднага судна", адлітая ў 1962 годзе пры жыцці мастака, была набыта для карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка на аўкцыёне Christie's у 2016 годзе і дагэтуль не экспанавалася. Сёння ў Віцебску яна стала цэнтральным экспанатам культурнага праекта "Восіп Цадкін. Вяртанне" і ўпершыню была шырока прадстаўлена публіцы.
"Пасля завяршэння работы выстаўкі гэта скульптура застанецца ў Віцебску. Мы разам з мясцовымі органамі ўлады разглядаем розныя варыянты, як яна можа быць упісана ў культурную прастору горада і стане прыкметнай падзеяй у яго жыцці", - сказаў Аляксандр Зіменка.
Выстаўка работ Восіпа Цадкіна, якая адкрылася ў музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, стала першым праектам насычанай праграмы культурных падзей "Славянскага базару". У экспазіцыю ўвайшлі таксама скульптура "Малая П'ета" (бронза, 1961 г.) і дзве карціны - "Возера" і "Трое аголеных за сталом", што адносяцца да розных перыядаў творчасці мастака.
Значнасць праекта як яркага прыкладу плённага дзяржаўна-прыватнага партнёрства падкрэсліў дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Аляксандр Сідарэнка. "Прыемна, што першы выставачны праект "Славянскага базару" прысвечаны творчасці нашага знакамітага земляка, выдатнаму прадстаўніку Парыжскай школы. Спадзяюся, ён стане не апошнім з серыі, рэалізаванай у Віцебску з удзелам Белгазпрамбанка", - адзначыў ён.
Ураджэнец Віцебска Восіп Цадкін з'яўляецца адным з буйнейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя. Сюжэт скульптуры "Вяртанне блуднага сына" навеяны не толькі вядомай біблейскай прытчай, але і выпадкам з жыцця самога аўтара. У 1906 годзе ён парваў адносіны са сваёй сям'ёй і самастойна пасяліўся ў Лондане, але праз некалькі гадоў вярнуўся за прымірэннем на радзіму да бацькі.-0-