Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 сакавіка 2017, 14:34

Прэм'еру оперы "Чароўная флейта" на беларускай сцэне рыхтуе міжнародная каманда

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'еру оперы "Чароўная флейта" на беларускай сцэне рыхтуе міжнародная каманда, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Прэм'ера самай вядомай оперы Вольфганга Амадэя Моцарта "Чароўная флейта" запланавана 30 сакавіка і 18 красавіка ў праграме Аўстрыйскага культурнага сезона ў Рэспубліцы Беларусь на сцэне беларускага Вялікага.

Будучая пастаноўка - сумесная работа канцэртнай залы "Брукнерхаус" у Лінцы і Вялікага тэатра Беларусі. Над увасабленнем моцартаўскай оперы працуе міжнародная каманда на чале з рэжысёрам-пастаноўшчыкам мастацкім кіраўніком канцэртнай залы "Брукнерхаус" у Лінцы прафесарам Ханс-Ёахімам Фраем, які ў 2013 годзе паставіў на беларускай сцэне "Лятучы галандзец" Вагнера. Дырыжор-пастаноўшчык - маэстра Манфрэд Маерхофер, мастак па касцюмах - прафесар Хартмут Шоргхофер.

Паводле слоў Манфрэда Маерхофера, у апошні твор, які ствараўся як "опера для народа" ў даволі простым стылі, Моцарт уклаў увесь свой кампазітарскі вопыт. У "Чароўнай флейце" ёсць і простыя па мелодыцы моманты, і даволі складаныя, заснаваныя на вялікім вопыце аўтара. Гэта рэч была створана не для вышэйшага грамадства, а для звычайнай публікі, але нават самы звычайны глядач паступова станавіўся ўсё больш "разбалаваным" мастацтвам оперы, а "Чароўная флейта" дзякуючы сваёй шматграннасці была яму ўсё гэтак жа цікавая.

Маэстра даволі даўно дырыжыраваў гэтай операй, апошні раз - у 2002 годзе ў оперы Гамбурга, і шчаслівы, што зноў можа працаваць над "Чароўнай флейтай". Ён адзначыў, што беларускім выканаўцам падабаецца працаваць над операй. Манфрэд Маерхофер хоча прывучыць артыстаў да больш лёгкага стылю выканання, уласцівага Моцарту, адысці ад цяжкага, як, напрыклад, у Чайкоўскага або Рахманінава.

"Чароўная флейта" - опера-казка, дзе праслаўляецца перамога святла над цемрай, дабра над злом, любові над каварствам, дружбы над варожасцю. Менавіта на гэта проціборства і робяць упор пастаноўшчыкі прэм'еры. Рэжысёр-пастаноўшчык прафесар Ханс-Ёахім Фрай і мастак па касцюмах прафесар Хартмут Шоргхофер, распрацоўваючы канцэпцыю сцэнаграфіі і касцюмаў новай пастаноўкі, за аснову ўзялі стыль неверагодна папулярных цяпер кінасаг і тэлесерыялаў у стылі фэнтэзі: "Уладар пярсцёнкаў", "Гульня прастолаў" і інш.

Моцарт умоўна падзяліў свой твор на некалькі частак: цёмны свет, якім кіруе Царыца ночы - свет драмы. Свет Зарастра - светлы, сонечны, Боскі. А паміж імі - сярэдні свет: прыроды, натуральны і просты. У оперы таксама скрыты элементы, якія датычацца гісторыі масонства і цырыманіялаў масонскай ложы. Усё гэта стваральнікі спектакля падкрэсляць у сцэнаграфіі, дзе задзейнічаюць камп'ютарную графіку і складаныя механізмы сцэны, а змена дэкарацый будзе адбывацца разам са зменай карцін і месца дзеяння ў оперы. Пастаноўшчыкі абяцаюць захапляючае сцэнічнае дзейства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі