Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 чэрвеня 2017, 10:33

Прэм'еру балета "Ор і Ора" прадставяць у Мінску ў канцы чэрвеня

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'еру балета "Ор і Ора" прадставяць у Мінску 28 і 29 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Лібрэта новага балета створана прафесарам Вячаславам Зарэнкавым у суаўтарстве з харэографам Аляксандрай Ціхаміравай. Ураджэнец Беларусі, вядомы бізнесмен і мецэнат прафесар Вячаслаў Зарэнкаў з'яўляецца членам Пецярбургскага саюза мастакоў і Пецярбургскага саюза пісьменнікаў. У яго творчым багажы - дзясяткі карцін, чатыры зборнікі апавяданняў, па матывах якіх пастаўлены спектакль "Сапрамат", зняты мастацкі фільм "Англійскі рускі", напісаны тры балеты.

У аснову лібрэта новага балета пакладзена апавяданне Вячаслава Зарэнкава "Людзі і арлы", заснаванае на рэальных падзеях. Гэта гісторыя адбылася на Кіпры. Арлы не частыя госці ў тых краях, гаворыць аўтар, але аднойчы вялікі арол прыляцеў на яго балкон і стаў з сілай біцца аб шкло. Птушку ўдалося злавіць і супакоіць, а раніцай яе выпусцілі на волю. Але арол замест таго, каб паляцець, зрабіў круг і рынуўся на балкон суседняй кватэры, разбіў акно і праз нейкі час з'явіўся ўжо разам з арліцай. Птушкі паляцелі, а аўтар паспяшаўся пазнаёміцца з суседзямі. Іх гісторыя была цікавай. Пары закаханых сябры падарылі арла. У хуткім часе той знайшоў сабе спадарожніцу, якую людзі таксама прынялі. Праз некаторы час закаханыя рассталіся і раз'ехаліся ў розныя гарады, кожны ўзяў сабе па птушцы. Але арол не змог жыць у адзіноце. Ён адправіўся на пошукі сяброўкі і знайшоў яе. І паказаў людзям, што такое сапраўдная вернасць. У гэтай гісторыі закаханыя сышліся зноў менавіта дзякуючы птушкам, якія былі мудрэйшымі за людзей.

Музыку балета напісаў пецярбургскі кампазітар Міхаіл Крылоў - музыкант, паэт, пісьменнік, журналіст. Яго песні выконваюць Міхаіл Баярскі, Надзея Бабкіна, Альберт Асадулін і іншыя спевакі.

Аўтар харэаграфіі і пастаноўшчык спектакля - балетмайстар Аляксандра Ціхамірава, якая ажыццявіла на сцэне Вялікага тэатра Беларусі арыгінальныя пастаноўкі балетаў "Шчаўкунок, або Яшчэ адна калядная гісторыя" Пятра Чайкоўскага, "Маленькі прынц" Яўгена Глебава, "Санеты" на музыку Пітэра Уорлака і Ральфа Воана-Уільямса.

Паводле слоў Аляксандры Ціхаміравай, тэма палёту вельмі блізка паняццю творчасці, і яна неаднаразова звярталася да гэтай тэмы ў іншых спектаклях, спрабуючы адказаць на пытанне, што азначае для мастака магчымасць лятаць, тварыць. У працяг гэтай тэмы ўзнікла гісторыя пра людзей і птушак, створаная Вячаславам Зарэнкавым. Гэта гісторыя і пра каханне. Аўтары спектакля спрабуюць знайсці адказы на пытанні, што такое каханне і якім яно можа быць. Ці магчыма, назіраючы грамадства, соцыум без прыхарошвання, любіць пры гэтым чалавецтва? Як захаваць каханне ва ўзаемаадносінах? І, нарэшце, што можна зрабіць для таго, каб свет вакол стаў лепшым?

Дырыжор-пастаноўшчык спектакля - Андрэй Іваноў. Мастаком-пастаноўшчыкам з'яўляецца Вячаслаў Окунеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі