Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2017, 13:46

Прэм'ера фільма "Скарына. Дзеля Бога і людзей" адбудзецца на "Беларусь 3" 28 верасня

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера мастацка-публіцыстычнага фільма "Скарына. Дзеля Бога і людзей" адбудзецца ў тэлеэфіры "Беларусь 3" 28 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Фільм вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі з'яўляецца знакавым для ўсёй краіны. Кожны беларус чуў імя першадрукара, але гэтым, як правіла, і абмяжоўваюцца веды пра Францыска Скарыну. Аўтары фільма пакажуць, у чым подзвіг асветніка з Полацка, чым ён быў апанаваны, чаму быў нязручным для грамадства.

Дакументальнае кіно "Скарына. Дзеля Бога і людзей" увабрала архіўныя звесткі, пастановачныя кадры, якія адлюстроўваюць падзеі XVI стагоддзя, разважанні гісторыкаў і літаратуразнаўцаў. Гэта 4 серыі па 26 хвілін, дзе не пераказваецца біяграфія Францыска Скарыны, у якой шмат белых плям, а паказаны розныя варыяцыі падзей таго часу.

Сучасны святлодыёдны экран памерам 200 кв. м і прафесійнае абсталяванне студыі даюць магчымасць трапіць у Пражскую бібліятэку, у Вільню ці ў Маскву ў полымі. Для стварэння атмасферы Рэнесансу мастакі перагледзелі сотні літаратурных і мастацкіх дакументаў. На здымачнай пляцоўцы былі адноўлены адпаведныя часу касцюмы, бутафорскія друкарскі станок і фаліянты скарынаўскіх выданняў. У фільме не раз з'яўляюцца пясочны гадзіннік і драўлянае кола як сімвалы бесканечнасці. Спецыяльна для дакументальнага кіно быў запісаны саўндтрэк у стылі эпохі Адраджэння.

Рэжысёр Андрэй Леўчык паставіў задачу паказаць першадрукара маладым і адукаваным, сучасным і цікавым гледачу. У пастановачных кадрах выкарыстаны тэатральныя прыёмы, калі маладыя людзі ў джынсах і майках апранаюць дэталі касцюмаў рэнесанснай эпохі, каб стварыць кампазіцыю.

Фільм - не гістарычная інсталяцыя, а тэатральнае ўзнаўленне падзей. У гледача з'явіцца магчымасць не толькі больш даведацца пра Скарыну, але і пафантазіраваць, як ён мог выглядаць сёння, ці магла адбыцца сустрэча полацкага генія з роданачальнікам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам, кім першадрукар мог стаць у ХХІ стагоддзі - айцішнікам ці прадпрымальнікам.

"Скарына. Дзеля Бога і людзей" - чатырохсерыйны фільм. Першая серыя мастацка-публіцыстычнага фільма ў эфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3" выйдзе 28 верасня ў 19.30.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі