Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 ліпеня 2016, 12:31

Пракапцоў прапануе папулярызаваць нацыянальную культуру, прысвойваючы самалётам імёны выдатных дзеячаў

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прысвоіць Нацыянальнаму аэрапорту Беларусі імя Францыска Скарыны, а самалётам - імёны выдатных дзеячаў мастацтваў прапанаваў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў 12 ліпеня ў эфіры праграмы "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Такі крок стаў бы дадатковай рэкламай нацыянальнай культуры, улічваючы, што бягучы год аб'яўлены Годам культуры, а ў 2017-м Беларусь і іншыя краіны адзначаць 500-годдзе выдання Францыскам Скарынам Псалтыра.

Уладзімір Пракапцоў лічыць, што самалётам "Белавія" трэба прысвоіць імёны выдатных дзеячаў мастацтваў такіх, як, напрыклад, Іван Хруцкі, Станіслаў Жукоўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і іншых. Музеі, якія прапагандуюць творчасць вядомых беларусаў, падтрымаюць такую ідэю, упэўнены гендырэктар НММБ. А ў замежных гасцей гэта абавязкова выкліча цікавасць да беларускай культуры. У час палёту турысту трэба прапанаваць пагартаць буклеты на рускай, беларускай і англійскай мовах, у якіх расказваецца аб знакамітых беларусах, у першую чаргу аб людзях, чыё імя прысвоена гэтаму самалёту. Даведаўшыся з часопіса пра мастака Івана Хруцкага, напрыклад, турыст адправіцца ў Нацыянальны мастацкі музей, каб пазнаёміцца з яго творчасцю.

Уладзімір Пракапцоў таксама дадаў, што сёння асноўнымі задачамі для яго як дырэктара музея з'яўляюцца завяршэнне рэстаўрацыі філіяла Нацыянальнага мастацкага музея - музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, дзе ў верасні адбудзецца III Нацыянальны форум "Музеі Беларусі", завяршэнне работ па стварэнні музейнага квартала ў Мінску. Асабістыя творчыя планы Уладзіміра Пракапцова зводзяцца да напісання некалькіх кніг.

Практыка называння аэрапортаў у гонар вядомых дзеячаў культуры існуе ў свеце. У прыватнасці, міжнародны аэрапорт у Варшаве ў Польшчы мае імя кампазітара, буйнейшага прадстаўніка польскага музычнага мастацтва Фрыдэрыка Шапэна. А міжнародны аэрапорт у сталіцы Венгрыі Будапешце названы ў гонар вялікага піяніста XIX стагоддзя Ферэнца Ліста.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі