Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лістапада 2016, 15:37

Праграма супрацоўніцтва Мінкультуры і БПЦ да 2021 года распрацоўваецца ў Беларусі

15 лістапада, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Праграма супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Беларускай праваслаўнай царквы на 2017-2021 гады распрацоўваецца ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння ў час пасяджэння каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм паміж органамі дзяржаўнага кіравання і БПЦ старшыня каардынацыйнага савета, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дакумент вызначыць асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў галіне культуры, творчай дзейнасці, аховы і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны на бліжэйшую пяцігодку.

Паводле слоў Леаніда Гулякі, падпісанае ў 2003 годзе пагадненне паміж дзяржавай і БПЦ дало імпульс сумесным праектам у розных сферах, у тым ліку культурнай накіраванасці. Так, толькі на 2016 год, аб'яўлены Годам культуры, прадугледжана арганізацыя больш як 60 творчых мерапрыемстваў, у ліку якіх міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі праваслаўных песнапенняў, духоўнай музыкі і перазвону, конкурсы, канферэнцыі і семінары. Некаторыя прымеркаваны да юбілейных дат. Вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падкрэсліў, што ў аснову сучаснай культуры і адукацыі Беларусі закладзены традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Дзяржава заўсёды аказвае падтрымку царкве ў рэалізацыі патрыятычных ініцыятыў, у далучэнні моладзі да асноў нацыянальнай і духоўнай культуры.

"Цяжка пераацаніць значэнне культуры ў справе выхавання маральна сталай, духоўна багатай і гарманічнай асобы. Дзякуючы ўзаемадзеянню мы маем багатую духоўную гістарычную спадчыну", - сказаў мітрапаліт Павел.

Першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга таксама адзначыла станоўчыя вынікі ад рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва з БПЦ. Фонды бібліятэк рэгулярна папаўняюцца новымі праваслаўнымі выданнямі, у музеях арганізуюцца выстаўкі іканапісу. Ажыццяўляецца арганізацыйная і фінансавая падтрымка міжнароднай навукова-асветнай экспедыцыі "Дарога да святынь". Праводзяцца экскурсіі да праваслаўных храмаў, мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні моладзі. "Мы павінны і ў далейшым плённа працаваць у гэтым рэчышчы", - упэўнена Ірына Дрыга.

Падрыхтаваны праект праграмы супрацоўніцтва Міністэрства культуры і Беларускай праваслаўнай царквы на 2017-2021 гады, у ім улічаны станоўчы вопыт мінулых гадоў, прадстаўлены новыя напрамкі ўзаемадзеяння. У прыватнасці, вялікая ўвага ўдзелена рэгіянальнаму аспекту, а таксама рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Чакаецца, што дакумент будзе падпісаны ў студзені будучага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі