Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 кастрычніка 2019, 14:37

Праекты студэнтаў БДАМ увайшлі ў праграму Мінскага міжнароднага фестывалю паўнакупальных фільмаў

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прадставяць свае работы на II Мінскім міжнародным фестывалі паўнакупальных фільмаў (MIFF), які пройдзе з 18 па 20 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў сталічным планетарыі.

Другі раз Мінскі планетарый пацвярджае сваё права стаць сусветнай пляцоўкай па папулярызацыі паўнакупальнага кіно. На MIFF 2019 аўтары і дыстрыб'ютары прывязуць лепшыя навукова-папулярныя дакументальныя фільмы, анімацыю і кароткаметражныя шоу.

Як расказалі ў планетарыі, асаблівасцю сёлетняга фестывалю стане ўдзел у ім студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія працавалі над фільмамі разам са спецыялістамі Мінскага планетарыя. Работа вялася на працягу паўгода - ад першага знаёмства з новым для ўдзельнікаў фарматам паўнакупальнага кіно да стварэння 22 аўтарскіх арт-праектаў. У конкурс MIFF 2019 уключаны тры лепшыя студэнцкія фільмы.

У цэлым у бягучым годзе колькасць заявак на ўдзел у фестывалі павялічылася ўдвая. У конкурсную праграму ўвайшлі 43 паўнакупальныя фільмы з 22 краін: Аўстраліі, Аргенціны, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Ісландыі, Італіі, Канады, Кітая, Калумбіі, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, ЗША, Тайланда, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі, Рэспублікі Карэя і Японіі.

"Адна з самых папулярных намінацый гэтага года - кароткі метр. Колькасць прапанаваных для яе фільмаў перасягае магчымыя рамкі, таму было прынята рашэнне заявіць яшчэ адну намінацыю фестывалю - "Лепшы паўнакупальны арт-фільм". У яе ўвойдуць імерсіўныя фільмы, якія з'яўляюцца адначасова і эксперыментальным, і мастацкім выказваннем", - адзначылі ў планетарыі.

Па выніках конкурсу будуць таксама названы лепшыя дакументальны, анімацыйны, кароткаметражны паўнакупальныя фільмы, будзе ўручаны прыз глядацкіх сімпатый. А карціна, якая атрымала спецыяльны прыз дырэктара фестывалю і фонду "Дабра", пасля завяршэння фестывалю застанецца ў афішы Мінскага планетарыя.

Ацэньваць работы будзе прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі астраном, дацэнт кафедры фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта кандыдат фізіка-матэматычных навук Максім Шундалаў, рэжысёр-пастаноўшчык ігравых і анімацыйных фільмаў, сцэнарыст, паэтэса, прызёр і лаўрэат нацыянальных і міжнародных кінафестываляў Алёна Турава, сцэнарыст, драматург, журналіст Аляксандр Богдан.

На палях фестывалю пройдуць сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, майстар-класы экспертаў, канцэрт, прафесійны семінар "Fulldome: паглыбленне ў візуальную прастору" з лекцыямі і прэзентацыямі спецыялістаў, выстаўка астрафатаграфіі і дэманстрацыя сучасных дасягненняў паўнакупальнага кіно.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі