Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 жніўня 2016, 19:38

Прадстаўніка Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2016" вызначаць 26 жніўня

19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтрыга Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вырашыцца 26 жніўня, у гэты дзень вызначыцца пераможца, які прадставіць Беларусь у лістападзе бягучага года на прэстыжным міжнародным музычным форуме ў горадзе Валета (Мальта), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Фінальнае шоу ў форме гала-канцэрта пакажуць у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга, трансляцыя пачнецца ў 22.00. Пераможца будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Адкрые гала-канцэрт прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2015" Руслан Асланаў. Ён выканае песню "Чараўніцтва", з якой на міжнародным песенным форуме заняў чацвёртае месца. Спецыяльна для канцэрта Руслан падрыхтаваў песню з рэпертуару сусветна вядомай групы Aerosmith . Магчымасць выступіць у якасці гасцей атрымаюць юнакі і дзяўчаты, якім не ўдалося прайсці ў фінал нацыянальнага адбору гэтага года, але прафесійнае журы адзначыла высокі ўзровень іх творчых нумароў у час праслухоўвання. На адну сцэну з галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу выйдуць Асоль Амброзяк, Паліна Русецкая, Аляксандра Лакціёнава, ансамбль "Заранак", Біята Кабірава і Ігар Мураўкін.

У час фінальнага шоу чакаецца традыцыйны відэазварот з Мальты як краіны - арганізатара дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016".

Тым часам прэтэндэнты ўзмоцнена рыхтуюцца да фіналу. За права прадстаўляць краіну на міжнародным конкурсе паспаборнічаюць Марыя Магільная (Магілёў), шоу-група "So-Ni-Ka" (Віцебск), Алена Цітова (Магілёў), Юлія Мажылоўская (Мінск), Стафанія Сакалова (Мінск), група "Нясумны ўзрост" (Мінск), Марыя Жыліна (Мінск), Зінаіда Купрыяновіч (Мінск), Вольга Канавалава (Магілёў) і Аляксандр Мінёнак (Мінск). Выступленню кожнага фіналіста будуць папярэднічаць відэавізіткі. З 22 жніўня іх можна будзе ўбачыць у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!".

Арганізацыю нацыянальнага адбору і падрыхтоўку да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі