Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2016, 14:57

Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2016" хоча быць падобным да Джасціна Бібера

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2016" Саша Мінёнак прызнаўся, што хоча быць падобным да сусветна вядомага канадскага выканаўцы Джасціна Бібера. Аб гэтым ён расказаў у час анлайн-канферэнцыі ў Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе БЕЛТА.

"Я хацеў бы быць падобным да Джасціна Бібера, гэта мой любімы выканаўца. Я раўняюся на яго. Таксама ідэю са сігвеем (для нацыянальнага адбору. - Заўвага БЕЛТА) узяў у яго. Глядзеў яго відэаролікі на YouTube і ўбачыў, што ён катаецца на іх. Я прапанаваў сваім сябрам паспрабаваць. Педагогі спачатку гаварылі, што будзе цяжкавата. На самай справе, на іх вельмі цяжка катацца. Але за тры дні ўсе вырашылі, навучыліся, выехалі", - расказаў Саша Мінёнак.

Свой трыумф на нацыянальным беларускім адборы ён яшчэ да канца не ўсвядоміў. "Гэта быў сон, што я перамог, гэта было шокам. А як спраўляюся з хваляваннем... Проста ўсё скідваю, гавару, што ўсё добра, усё будзе вельмі крута, і я ў сябе веру", - падзяліўся выканаўца.

Гаворачы пра свой конкурсны нумар для дзіцячага "Еўрабачання", юны артыст заўважыў, што, магчыма, будзе мяняцца аранжыроўка. "Зусім хутка мы даведаемся, якая сцэна будзе на Мальце. Магчыма, крыху зменіцца графіка. Можа, рухі якія-небудзь зменім", - выказаў меркаванне ён. Таксама Саша Мінёнак дадаў, што, хутчэй за ўсё, на яго песню будзе зняты кліп.

Аляксандр Мінёнак нарадзіўся 25 чэрвеня 2003 года, родныя гарады - Віцебск і Мінск. Вакалам займаецца з 8 гадоў, цяпер ён - выхаванец тэатра эстраднай песні "Хвілінка" ДК МАЗ. Куміры ў беларускай музыцы - Пётр Ялфімаў, Юзары, Тэа, Аляксей Грос, Кірыл Ермакоў. Дэвіз Сашы па жыцці - глядзець пазітыўна на ўсё і ніколі не сумаваць. У вольны час выканаўца любіць слухаць разнастайную музыку: ад класікі да рэпа; танцуе, вядзе канцэрты і перадачы, гуляе ў футбол, любіць катацца на скейтбордзе, веласіпедзе, роліках, каньках. У сяброўстве цэніць давер і вернасць, да сваіх няўдач ставіцца па-філасофску - стараецца змагацца і не адступаць.

Пераможца фіналу нацыянальнага адбору прадставіць краіну на прэстыжным конкурсе 20 лістапада гэтага года ў горадзе Валета (Мальта). Падрыхтоўку да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі