Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 студзеня 2017, 11:28

Пятая сімфонія Чайкоўскага адкрые "Студзеньскія музычныя вечары" ў Брэсце

9 студзеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Пятая сімфонія Пятра Чайкоўскага прагучыць на ўрачыстым адкрыцці XXIX Міжнароднага фестывалю "Студзеньскія музычныя вечары", які пройдзе ў Брэсце з 9 па 12 студзеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар і мастацкі кіраўнік фестывалю Лілія Батырава.

Твор выканае сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Вячаслава Воліча. Сімфонія нумар 5 мі мінор у чатырох частках была напісана кампазітарам у 1888 годзе. Некаторыя лічаць яе лепшым творам Чайкоўскага. У аснову твора пакладзена тэма лёсу, поўная драматызму і лірызму. "Гэта прыгожая, урачыстая музыка вельмі падыходзіць для вечара-адкрыцця музычнага фестывалю", - адзначыла Лілія Батырава.

У першым аддзяленні вечара таксама выступіць прафесар Парыжскай кансерваторыі Юджын Інджыч, які выканае фартэпіянныя п'есы Клода Дэбюсі і творы Фрыдэрыка Шапэна. У другім аддзяленні слухачоў чакаюць фартэпіянныя транскрыпцыі Ферэнца Ліста ў выкананні маладога беларускага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Арцёма Канстанціна. Завершыць вечар-адкрыццё прыма Марыінскага тэатра народная артыстка Расіі Вольга Барадзіна (меца-сапрана). Яна выканае арыю Далілы з оперы Каміля Сен-Санса "Самсон і Даліла", а таксама песню Лауры з оперы Даргамыжскага "Каменны госць".

Другі музычны вечар будзе прысвечаны рамансу. Заслужаны артыст Расіі Уладзімір Кудашаў (бас) і заслужаны артыст Украіны Сяргей Шарамет (барытон) выканаюць больш за дваццаць твораў. Класічны вакал пакажа салістка Вялікага тэатра Расіі Марына Гарэлава. Трэці вечар пад назвай "Музычная Еўропа" падорыць аматарам класікі сустрэчу з камерным аркестрам з Польшчы "Акадэмія Дэль Арка" і дзясяткам піяністаў з розных краін - Расіі, Кітая, Японіі, ЗША, Нідэрландаў.

Фінальныя акорды музычнага форуму прагучаць 12 студзеня. Чацвёрты вечар пройдзе пад знакам Каляднага балю. Адбудзецца святочны канцэрт, у якім, у прыватнасці, прымуць удзел Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, піяніст-віртуоз і кампазітар з Польшчы Канстанцін Віленскі (фартэпіяна), Брэсцкі гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля.

Арганізатарамі міжнароднага фестывалю класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары" выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, ГА "Брэсцкае абласное музычнае таварыства" пры падтрымцы Міністэрства культуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі