Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 ліпеня 2018, 16:16

Першы дзень дзіцячага конкурсу на "Славянскім базары" толькі ўзмацніў інтрыгу

11 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Акцэнт на вакал і кропля нацыянальнага каларыту - удзельнікі XVI Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Віцебск-2018" завяршылі выступленні ў першы дзень творчага спаборніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для дваццаці канкурсантаў бягучага года арганізатары падрыхтавалі новы сюжэт - па матывах казкі Андэрсена "Снежная каралева". Тым не менш у яе ледзяным палацы юных выканаўцаў сустракалі вельмі горача. Пачынаючы з расіянкі Маргарыты Вараб'ёвай і заканчваючы Ілінкай Дзіну з Румыніі - кожны сарваў заслужаныя апладысменты. Прадстаўніка Беларусі Арцёма Скароля, вядома, зала падтрымлівала асабліва бурна. Ды і цяжка было не пляскаць у далоні і не падтанцоўваць пад гарачы матыў песні з рэпертуару ВІА "Песняры" - "Конь незацугляны".

Дарэчы, калі ў мінулыя гады першы конкурсны дзень звычайна быў насычаны народнымі песнямі і адпаведнымі касцюмамі, то выбар кампазіцый цяперашніх удзельнікаў аказаўся нечаканым і быў багатым на сучасныя кампазіцыі. А нацыянальны каларыт заключаўся хіба што ў мове краіны выканаўцы і аўтары песні. Магчыма, паўплываў і ўзрост удзельнікаў (у большасці гэта 10-12-гадовыя падлеткі): канцэрт першага дня быў напоўнены драматызмам, песнямі-марамі, кампазіцыямі аб каханні, знайшлося месца і гарачаму року. Ды і сам вакал некаторых дзяцей лёгка было зблытаць з заплюшчанымі вачыма з выступленнем дарослых.

Удзел носьбітаў англійскай мовы - прадстаўнікоў Канады і Вялікабрытаніі (краін - дэбютантаў конкурсу) - унёс у праграму і сусветныя хіты. Чаго толькі варта вядомая песня Леанарда Коэна "Алілуя" ў выкананні канадца Цімура Лезгішвілі.

Словам, юныя артысты непрафесійнага гледача паставілі ў тупік - відавочнага фаварыта слухачы, якія ішлі з канцэрта, назваць так і не змаглі. А журы пад старшынствам народнага артыста Малдовы Канстанціна Масковіча захоўвае маўчанне: у дзіцячым конкурсе не прынята абвяшчаць прамежкавыя вынікі, каб лішні раз не хваляваць удзельнікаў. Таму пасля першага дня, нават калі кожны член журы і вызначыў для сябе фаварытаў, прызнацца ў гэтым яны змогуць толькі пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу, якія складваюцца з сумы балаў за два выступленні.

У другі дзень музычнага спаборніцтва, 11 ліпеня, на сцэне канцэртнай залы "Віцебск" прагучаць ужо эстрадныя кампазіцыі, якія даюць магчымасць паказаць вакальныя даныя ўдзельнікаў найбольш поўна. Першай паднімецца на сцэну эстонка Эрыка Яршова, апошняй - Андрэя-Еміра Рацэ з Малдовы. Прадстаўнік Беларусі прадэманструе свой талент трынаццатым.

Гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў пройдуць у канцэртнай зале "Віцебск" 12 ліпеня. Гран-пры "Залатая ліра" пераможцу XVI Міжнароднага музычнага дзіцячага конкурсу будзе ўручана ў гэты ж дзень у Летнім амфітэатры на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі