Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 жніўня 2017, 11:53

Палескі драмтэатр у новым сезоне прадставіць спектакль "Рагнеда"

10 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Пінску ў Палескім драматычным тэатры рыхтуюцца да прэм'еры спектакля "Рагнеда", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Першы паказ гістарычнай пастаноўкі па п'есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава, якая ў арыгінале называецца "Палачанка", запланаваны на кастрычнік. Артысты пачалі ўжо рэпетыцыі. "У аснову пакладзена беларуская інтэрпрэтацыя шэкспіраўскага "Макбета". У спектаклі ёсць нямала разыходжанняў з гістарычнай праўдай. У нас будзе гісторыя пра каханне. Гэта пастаноўка стане падарункам Пінску да яго 920-годдзя", - сказаў рэжысёр Павел Марыніч.

У новым спектаклі задзейнічаны практычна ўсе акцёры тэатра. Для работы над прэм'ерай запрошаны мастак Пётр Анашчанка з Віцебска. Таксама распрацоўваюцца касцюмы IX-X стагоддзяў. У спектаклі будзе гучаць шмат музыкі, сюжэт пранізаны язычніцкімі вобразамі. "Спадзяёмся, наша работа спадабаецца гледачам. У першую чаргу моладзь, школьнікі змогуць пазнаёміцца з гістарычнымі персанажамі. Зацікавіўшыся іх лёсам, яны змогуць самастойна даведацца пра афіцыйную версію легенды аб Рагнедзе", - лічыць рэжысёр.

У сёлетнім сезоне ў Палескім драмтэатры плануюць паказаць 5-7 прэм'ер. У прыватнасці, восенню адбудзецца прэзентацыя спектакля па п'есе Алехандра Касона "Дрэвы паміраюць стоячы", над якім працуе рэжысёр Алена Гаўрыловіч.

Сёння вечарам у Пінску адбудзецца адкрыццё 12-га тэатральнага сезона. Пачнецца ён па традыцыі з паказу "Пінскай шляхты", якая стала візітнай карткай Палескага тэатра. Рэжысёрам пастаноўкі з'яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі. Гэта не адзіная сумесная работа з майстрам. Спектакль Nach Hause змогуць убачыць не толькі беларускія гледачы. У снежні ён будзе прэзентаваны на міжнародным фестывалі-лабараторыі камерных тэатраў і спектакляў малых форм у Кішынёве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі