Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 кастрычніка 2016, 12:19

Пачаты адбор прэтэндэнтаў на Нацыянальную музычную прэмію "Ліра"

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пачаты адбор прэтэндэнтаў на Нацыянальную музычную прэмію ў галіне папулярнай музыкі "Ліра", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Рэспубліканскі конкурс праводзіцца з кастрычніка гэтага года па студзень 2017 года.

Творчае спаборніцтва праходзіць адзін раз у два гады па 12 намінацыях. Намінацыі, пераможцаў у якіх вызначае журы на аснове прапаноў адборачнай камісіі, улічваючы вынікі інтэрактыўнага інтэрнэт-галасавання гледачоў: "Лепшы выканаўца" (жаночы вакал), "Лепшы выканаўца" (мужчынскі вакал), "Лепшы калектыў выканаўцаў", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшая песня года", "Лепшы кліп года". Намінацыі, пераможцаў у якіх вызначае журы па прапановах адборачнай камісіі: "Лепшы аўтар музыкі", "Лепшы аўтар слоў", "Лепшы аранжыроўшчык". Намінацыі, пераможцаў у якіх вызначаюць арганізатары конкурсу па прапановах журы: "Адкрыццё года", "Стыль года", "Нашы за мяжой".

Удзельнічаць у конкурсе могуць аўтары, выканаўцы, аранжыроўшчыкі, рэжысёры - грамадзяне Беларусі і замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне, і асобы без грамадзянства; калектывы мастацкай творчасці, не менш за 80 працэнтаў складу якіх - грамадзяне Беларусі і грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне.

На конкурсе разглядаюцца песні і відэакліпы, распаўсюджаныя праз інтэрнэт, перададзеныя ў радыё- або тэлевізійны эфір, выкананыя публічна ў перыяд са студзеня па снежань 2016 года.

Конкурс па намінацыях, пераможцаў у якіх вызначае журы, грунтуючыся на прапановах адборачнай камісіі і з улікам вынікаў інтэрнэт-галасавання гледачоў, і па намінацыях, пераможцаў у якіх называе журы па прапановах адборачнай камісіі, праводзіцца ў тры этапы.

На першым этапе тэлеканал АНТ прадстаўляе звесткі аб рэйтынгах папулярнасці песень і відэакліпаў у сродках масавай інфармацыі ў дырэкцыю конкурсу. Адборачная камісія з кастрычніка праводзіць маніторынг звестак аб рэйтынгах папулярнасці песень і відэакліпаў і вызначае абагульненыя рэйтынгі іх папулярнасці ў СМІ.

Абагульненыя рэйтынгі папулярнасці песень і відэакліпаў па намінацыях "Лепшы выканаўца" (жаночы вакал), "Лепшы выканаўца" (мужчынскі вакал), "Лепшы калектыў выканаўцаў", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшая песня года", "Лепшы кліп года" з кастрычніка размяшчаюцца на сайце АНТ для арганізацыі інтэрактыўнага інтэрнэт-галасавання гледачоў.

На падставе абагульненых рэйтынгаў папулярнасці песень і відэакліпаў па намінацыях "Лепшы аўтар музыкі", "Лепшы аўтар слоў", "Лепшы аранжыроўшчык" адборачная камісія вызначае кандыдатуры для ўдзелу ў другім этапе конкурсу і прадстаўляе іх у дырэкцыю конкурсу. На другім этапе творчага спаборніцтва фарміруецца журы з прадстаўнікоў сферы культуры і мастацтва. Суддзі вызначаюць не менш як тры прэтэндэнты на перамогу ў кожнай з названых намінацый.

Прапановы па прэтэндэнтах на перамогу па намінацыях "Адкрыццё года", "Стыль года", "Нашы за мяжой" фарміруе журы конкурсу.

Прафесійная судзейская калегія мае права вызначыць у адной намінацыі двух пераможцаў або не вызначаць іх у якой-небудзь намінацыі конкурсу. На трэцім этапе журы вызначае лепшых з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій у час гала-канцэрта. Падагульняючы канцэрт пройдзе ў студзені 2017 года. Кожны пераможца атрымлівае прыз, які з'яўляецца сімвалам конкурсу, дыплом лаўрэата і грашовую прэмію ў памеры 77 базавых велічынь. Памер прэмій можа быць павялічаны за кошт пазабюджэтных сродкаў. Пры вызначэнні двух пераможцаў у адной намінацыі конкурсу ўзнагароджанне дзеліцца паміж імі.

У намінацыях "Лепшая песня года", "Лепшая песня на беларускай мове", "Лепшы кліп года" могуць узнагароджвацца аўтар музыкі, аўтар слоў, аранжыроўшчык, выканаўца і рэжысёр. Грашовая прэмія ў гэтым выпадку дзеліцца паміж імі. У поле зроку арганізацыйнага камітэта трапяць і асобныя творчыя работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё эстраднага музычнага мастацтва Беларусі, і асобы, якія аказваюць спонсарскую дапамогу, робяць ахвяраванні на развіццё музычнага эстраднага мастацтва. Для іх таксама рыхтуюцца прызы.

Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі