Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 жніўня 2018, 10:03

Невядомы раней аўтограф Максіма Багдановіча папоўніў экспазіцыю музея паэта ў Яраслаўлі

17 жніўня, Яраслаўль /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Невядомы раней аўтограф Максіма Багдановіча папоўніў экспазіцыю літаратурнага дома-музея паэта ў Яраслаўлі. Аб гэтым паведаміла журналістам дырэктар музея Наталля Прохарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аўтограф быў знойдзены даследчыкамі ў архіве бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Летам гэтага года ён быў перададзены ў часовае карыстанне музею для публічнай дэманстрацыі.

Знойдзены аўтограф паэта прысвячаўся выдаўцу яраслаўскай газеты "Голос", у якой публікаваўся Максім Багдановіч.

Наталля Прохарава расказала, што ўзначальваемы ёю музей вядзе актыўную асветную і навукова-даследчую работу. У яго сценах камплектуецца бібліятэка славянскай літаратуры, аўдыятэка беларускай музыкі, этнаграфічная і бытавая калекцыя. На базе музея праводзіць свае мерапрыемствы яраслаўская рэгіянальная грамадская арганізацыя руска-беларускай дружбы "Сяброўства". Паводле слоў Наталлі Прохаравай, музей актыўна наведваюць не толькі беларусы і расіяне, але і турысты з Германіі, Італіі, Польшчы і іншых краін.

16 жніўня ў музеі Максіма Багдановіча пабывалі ўдзельнікі экспертна-медыйнага семінара "Багдановіч і Горкі: саюз, народжаны на берагах Волгі", які 14-16 жніўня праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Мерапрыемства з удзелам навуковых супрацоўнікаў і журналістаў з Беларусі і Расіі арганізавалі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і міжнароднае інфармацыйнае агенцтва "Расія сёння".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі