Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 кастрычніка 2017, 11:06

"(Не)дзіцячыя гісторыі" ўключае пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно "Лістапада"

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "(Не)дзіцячыя гісторыі" ўключае пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно "Лістапада", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Праграма звернута да падлеткаў, каб паразмаўляць пра важныя праблемы сучаснага грамадства. У ёй будуць прадстаўлены два фільмы пра лёсы дзяцей і падлеткаў, вымушаных змагацца за права на нармальнае жыццё: "69 мінут 86 дзён" і "Народжаны ў Сірыі".

Стужка "69 мінут 86 дзён" - поўнаметражны дэбют нарвежскага дакументаліста Эгіла Хоск'ёлда. Рэжысёр накіроўваецца за ўратаванай сірыйскай сям'ёй па іх дарозе ў Швецыю, дзе жывуць сваякі. Але "69 мінут…" - гэта не хроніка цяжкага пераезду, а погляд трохгадовай дзяўчынкі на гэты шлях, як на звычайнае падарожжа. І ўсё ж, быццам убачаны вачамі юнай гераіні, адкрытай, пазітыўнай і цікаўнай, фільм расказвае пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сотні людзей, якія ратуюцца ад вайны. Адмовіўшыся ад закадравага голасу і інтэрв'ю, рэжысёр паказвае сваіх герояў максімальна непрадузята.

"Народжаны ў Сірыі" - яшчэ адна прышчэпка супраць чэрствасці для жыхароў паспяховай Еўропы. Карціна пра дзяцей і падлеткаў, жыццё якіх змяніла вайна. Нехта з іх страціў дом і радзіму, нехта - самых блізкіх. Амаль усе былі цяжка паранены і доўга хварэлі. Яны расказваюць гледачам свае гісторыі, і гэта дапамагае героям фільма падзяліцца сваім болем і пачаць жыць спачатку.

"Мы вельмі хочам бачыць у сваіх залах маладых людзей, старшакласнікаў, якія, магчыма, не ведаюць, што такое дакументальнае кіно, і не ведаюць нават, што яно можа быць такім жа цікавым, глыбокім, як і ігравое, - каменціруе праграму дырэктар праграм неігравога кіно Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" Ірына Дзям'янава. - І пачаць спецыяльныя праграмы мы вырашылі з фільмаў сур'ёзных, якія патрабуюць увагі і, галоўнае, як гаварыў адзін з герояў Антона Паўлавіча Чэхава, пачуцця спачування, якое зведвае чалавек, "калі бачыць няшчасце", і калі гэта значна больш сведчыць пра культуру і маральны рост, чым нянавісць. Пакуль ёсць суперажыванне да чужога болю, праўда і дабрата будуць вызначаць рух нашага жыцця".

Фільмы можна будзе ўбачыць у кінатэатры "Мір".

XXIV кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада ў Мінску. Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі