Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2017, 11:34

Народнаму мастаку Беларусі Івану Міско спаўняецца 85 гадоў

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Таленавітаму скульптару, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР Івану Міско сёння спаўняецца 85 гадоў.

Нарадзіўся Іван Якімавіч Міско ў 1932 годзе ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Кожны раз, калі бацькі ішлі на работу, а хлопчык заставаўся за гаспадара, пачыналася творчасць. Іван даставаў вуглі з печкі і яе ж размалёўваў. Потым маці, вядома, забельвала печку, а хлопчык зноў і зноў маляваў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за 1977 год скульптар Іван Якімавіч Міско. Мінск, 9 лістапада 1977 года

Калі настаў час вызначаць свой жыццёвы шлях, Іван вырашыў стаць мастаком. Мара здзяйснілася: ён паступіў у мастацкае вучылішча ў Мінску. Аднак з першага курса пайшоў у армію. Служыў далёка ад родных мясцін, у Забайкаллі. Але і там стараўся не расставацца з жывапісам. Маляваў партрэты для гарнізоннага клуба, афармляў насценгазету. Завочна скончыў вучылішча пры Усесаюзным доме мастацкай творчасці імя Н.К.Крупскай у Маскве. А калі адслужыў, прадоўжыў вучобу ў Мінску. Праўда, лёс распарадзіўся так, што, паступіўшы на аддзяленне жывапісу, скончыў скульптурнае аддзяленне. Аднойчы ўбачыўшы, як працуе скульптар, быў усхваляваны. Магчымасць тварыць у жывой прасторы здалася Івану Якімавічу больш прывабнай, і сэрца назаўсёды прыкіпела да скульптуры.

Пачаткам творчай біяграфіі стала дыпломная кампазіцыя "Юнацтва". У 1957 годзе Іван Міско скончыў вучылішча, потым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак у майстэрні скульптара Івана Міско. Мінск, 1 сакавіка 1980 года

Галоўная тэма твораў Івана Якімавіча - касманаўтыка і яе героі. Невыпадкова Івана Міско часта называюць "касмічным" скульптарам. Гэтай тэмай малады мастак "захварэў" у той год, калі не стала Юрыя Гагарына. "Неяк вечарам прыйшоў дадому і пачуў па радыё: трагічна абарвалася жыццё першага касманаўта Юрыя Гагарына. Раніцай пад гукі жалобнай музыкі я стаў ляпіць яго скульптурны партрэт", - успамінае ў адным з інтэрв'ю Іван Міско.

Скульптар Іван Міско каля сваёй работы- бюста Юрыя Гагарына. Мінск, 26 сакавіка 2004 года

Іван Якімавіч, як усялякі не пазбаўлены цікаўнасці чалавек, хацеў бы паляцець у космас. Але абсалютнага касмічнага здароўя не меў. Аднойчы ў Зорным гарадку яму прапанавалі патрэніравацца на цэнтрыфугах, у якіх звычайна трэніруюцца касманаўты. Пасля некалькіх гадзін трэніровак Іван Міско зразумеў, што зорная прафесія не для яго, і ён будзе займацца сваёй справай, якая ў яго атрымліваецца значна лепш, чым падрыхтоўка да палёту.

Аляксандр Лукашэнка ўручае медаль Францыска Скарыны мастаку-скульптару Івану Міско. Мінск, 17 снежня 2002 года

У Івана Якімавіча ў майстэрні ёсць партрэты акцёра Генадзя Аўсяннікава, канцлера ВКЛ Льва Сапегі, нават дэпутата і ў мінулым кіраўніка "Ласкавага мая" Андрэя Разіна, але скразной лініяй творчасці застаецца касмічная тэма. Міско - аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх ледзь не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза, а таксама беларускія касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў - прадстаўнікі Польшчы, Кубы, Румыніі, Манголіі, Францыі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Аўстрыі, Японіі, Афганістана, Індыі. Практычна з кожным з іх Іван Міско знаёмы асабіста.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР скульптар Іван Міско і яго афганскі калега Нашат Вакіль Ахмад разам працуюць над партрэтам першага касманаўта рэспублікі Афганістан А.А.Маманда. Мінск, 6 верасня 1988 года

Цікава, што кожны касманаўт, які адпраўляецца ў палёт, пакідае аўтограф на дзвярах гасцінічнага нумара, дзе начуе перад стартам. Такую традыцыю завялі і ў майстэрні Івана Міско. Цяпер на знакамітых дзвярах больш за сотню подпісаў.

Народны мастак Беларусі скульптар Іван Міско і беларускі касманаўт Алег Навіцкі на ХХI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Мінск, 5 лютага 2014 года

Івану Якімавічу нават звоняць з космасу. "Сяджу неяк у сябе ў майстэрні, і раптам званок ад Алега Навіцкага. Кажу: "Ты ў Мінску, захадзі!". А ён адказвае: "Я пралятаю над Зямлёй, бачу, у цябе святло гарыць". Ён, аказваецца, з калязямной арбіты званіў!" - расказваў вядомы скульптар у адным з інтэрв'ю.

Іван Міско. Мінск, 25 чэрвеня 2008 года

А Іван Якімавіч часта заседжваецца ў майстэрні да позняга вечара. Калі ў яго ёсць работа, якая захоплівае, ён проста забывае пра час. "Баюся, што не паспею зрабіць усё, што задумаў. А ідэй у мяне яшчэ вельмі шмат", - гаворыць народны мастак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі