Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 чэрвеня 2018, 10:57

Народнаму артысту Расіі Сяргею Макавецкаму спаўняецца 60 гадоў

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народнаму артысту Расійскай Федэрацыі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Расіі Сяргею Макавецкаму сёння спаўняецца 60 гадоў.

Нарадзіўся Сяргей Макавецкі ў 1958 годзе ў Кіеве (Украіна). Яго выхоўвала маці. Бацька пайшоў з сям'і ў хуткім часе пасля таго, як хлопчык з'явіўся на свет. Сяргей узяў прозвішча маці. Навучаючыся ў школе, Макавецкі пра сцэну не думаў, але настаўніца англійскай мовы, будучы рэжысёрам і натхняльнікам аднаго з лепшых школьных тэатраў Кіева, практычна насільна прымусіла яго выканаць ролю Аркашкі Шчасліўцава ў "Лесе" Аляксандра Астроўскага. Пасля выканання гэтай ролі Макавецкі літаральна захапіўся тэатрам.

Пасля школы ён вырашыў паступаць у Кіеўскае тэатральнае вучылішча, але першая спроба аказалася няўдалай. Тады Сяргей пайшоў працаваць манціроўшчыкам дэкарацый у Акадэмічны драматычны тэатр імя Лесі Украінкі ў Кіеве. Праз год ён адправіўся паступаць у маскоўскую тэатральную ВНУ. Спрабаваў паступаць у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, але Алег Табакоў, які набіраў ў той год курс, яго не прыняў. Пашанцавала Сяргею Макавецкаму ў Шчукінскім вучылішчы. Ён паступіў на курс Алы Казанскай, пасля заканчэння якога ў 1980 годзе быў прыняты ў трупу Тэатра імя Вахтангава. На сцэне гэтага тэатра Макавецкі прайшоў шлях ад акцёра эпізодаў да вядучага акцёра трупы, атрымаў прызнанне публікі як выдатны выканаўца роляў класічнага і сучаснага рэпертуару.

З 1982 года пачынаецца кінематаграфічная кар'ера акцёра. Ён зняўся ў эпізадычнай ролі ў фільме "Чакаецца пахаладанне і снег".

У 1983 годзе на здымках фільма "Я - сын працоўнага народа" Сяргей Макавецкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ленай, якая скончыла Ленінградскі тэатральны інстытут і працавала рэдактарам на кінастудыі ў Адэсе.

Да канца 80-х гадоў Сяргей Макавецкі пачаў атрымліваць запрашэнні ад вядомых рэжысёраў. У 1987 годзе ён зняўся ў невялікай ролі ў карціне Віктара Цітова "Жыццё Кліма Самгіна". Затым былі работы ў карцінах Алега Цяпцова і Глеба Панфілава.

Да гэтага часу пачало змяняцца яго становішча і ў тэатры. У 1989 годзе Макавецкі атрымаў прэмію на фестывалі "Маскоўская тэатральная вясна" за ролю кітайца Херувіма ў спектаклі "Зойчына кватэра". У 1990 годзе адбылася сустрэча Макавецкага з Раманам Вікцюком, якая стала для Сяргея лёсавызначальнай. З гэтага моманту Макавецкі па сумяшчальніцтве з Тэатрам Вахтангава пачаў іграць у Тэатры Вікцюка. Першай яго работай стала роля Шастаковіча ў спектаклі "Урокі майстра", якая прынесла яму шумны поспех. Затым былі ролі ў спектаклях "Рагатка", "Паланэз Агінскага", "Я цябе больш не ведаю, мілы". Удалым аказалася і супрацоўніцтва з Пятром Фаменкам, у якога Макавецкі сыграў царэвіча Аляксея ў спектаклі "Государь ты наш, батюшка...".

Вялікі поспех прынесла акцёру роля Макарава ў аднайменным фільме Уладзіміра Хаціненкі ў 1993 годзе, дзякуючы гэтай ролі ён атрымаў прыз "Ніка" і прыз маладых кінематаграфістаў Расіі "Залаты яблык - залаты лісток". "Макараў" узвёў Сяргея Макавецкага ў ранг акцёраў першай велічыні. Нечакана ён стаў адным з самых запатрабаваных акцёраў постсавецкага кінематографа. Рэжысёраў падкупіла парадаксальнае спалучэнне звычайнай знешнасці акцёра і нейкай унутранай дзіўнасці, ірэальнасці.

У 1994 годзе Макавецкі атрымаў званне лепшага драматычнага акцёра Еўропы. Кінакрытыкамі і гледачамі артыст быў "упісаны" ў знакаміты квартэт пад кодавай назвай "ММММ": Міронаў - Машкоў - Меньшыкаў - Макавецкі.

У 1995 годзе выйшла яшчэ некалькі карцін з удалымі работамі Макавецкага, сярод якіх эратычная меладрама Аляксея Балабанава "Чорная вуаль", драмы Аляксандра Прошкіна "Трафім" і Сяргея Урсуляка "Летнія людзі". Сапраўдным жа апафеозам стала карціна Аляксея Балабанава "Пра вырадкаў і людзей". У ёй акцёр віртуозна сыграў Іагана - "чорнага рыцара" і "злога генія".

У 1998 годзе Макавецкі быў удастоены звання народнага артыста Расійскай Федэрацыі за вялікія заслугі ў галіне мастацтва.

У новае стагоддзе Сяргей Макавецкі ўступіў ужо ў якасці сапраўднай зоркі кінематографа. За яго плячыма было мноства ўзнагарод і прызоў, вельмі цікавых роляў. Акцёр здымаўся ў такіх таленавітых рэжысёраў, як Аляксей Балабанаў, Пётр Тадароўскі, Сяргей Урсуляк, Глеб Панфілаў і інш. Ён іграў у культавым баевіку "Брат-2", "Рускім бунце", "72 метры", "Жмуркі", "Ліквідацыя", "Ісаеў" і іншых фільмах. За ролю ў гістарычным праекце Аляксандра Прошкіна "Рускі бунт" Сяргей Макавецкі ў 2000-м атрымаў галоўны прыз "Кінатаўра".

У 2004 годзе гледачы ўбачылі фільм-катастрофу Уладзіміра Хаціненкі "72 метры", што расказвае пра аварыю на падводнай лодцы. Драма выйшла на экраны праз 2 гады пасля трагедыі падлодкі "Курск" і не пакінула нікога абыякавым.

Не абмінуў увагай зорку Мікіта Міхалкоў. Сяргей Макавецкі зняўся ў юрыдычнай драме "12". Ён сыграў аднаго з 12 прысяжных, вучонага-фізіка і пратаганіста, які ініцыіраваў раскол. У 2010-м Міхалкоў запрасіў Сяргея Васільевіча ў працяг "Стомленых сонцам".

Працаваў Сяргей Макавецкі і ў серыялах. Так, у "Гібелі імперыі" ён паўстаў у вобразе афіцэра Несцяроўскага, а ва "Ускосных доказах" сыграў Фявонава. Гэтыя ролі чарговы раз паказалі, што Сяргей Макавецкі - адзін з мацнейшых расійскіх акцёраў, якому падуладны практычна любыя жанры. Таксама ён здымаўся ў папулярных серыялах "Ліквідацыя", "Жыццё і лёс", "Пётр Першы. Завяшчанне", "Дзве зімы і тры леты".

І сёння акцёр нарасхват: ён жаданы госць на любым фестывалі, яго імкнуцца запрасіць лепшыя кінарэжысёры.

Макавецкі працаздольны, любіць і класіку, і авангард, на спектаклях з яго удзелам заўсёды аншлагі, а новыя фільмы з ім нязменна выклікаюць цікавасць крытыкі і паклоннікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі