Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лістапада 2017, 09:12

Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў Смілавічах

28 лістапада, Смілавічы /Кар. БЕЛТА/. Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі адкрылася ў гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Стварэнне музычнай гасцёўні з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі, стала магчымым дзякуючы праекту "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Як расказала дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак, раней музейная экспазіцыя знаходзілася ў сярэдняй школе. Ідэя аб стварэнні асобнай экспазіцыі з адкрыццём музычнай гасцёўні, дзе будуць праводзіцца канцэртныя выступленні мясцовых калектываў, артыстаў Белдзяржфілармоніі, была падтрымана мясцовымі ўладамі. Сёння пакуль адкрыта толькі адна зала, дзе прадстаўлена творчасць кампазітара берлінскага і варшаўскага перыядаў жыцця. Наведвальнікі могуць убачыць касцюмы з Познанскага і Варшаўскага опернага тэатраў, на сцэнах якіх ставіліся творы Станіслава Манюшкі, афішы, грампласцінкі, нотныя зборнікі, здымкі. Экспазіцыя будзе папаўняцца, дадала Алена Забаронак.

У музычнай гасцёўне адбыўся святочны канцэрт з нагоды яе адкрыцця. Уражаннямі з гасцямі падзялілася кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. Як гісторыку па адукацыі ёй асабліва прыемна, што беларусы шануюць сваю спадчыну, ганарацца ёй і імкнуцца яе папулярызаваць, зацікаўлены ў развіцці турыстычнага патэнцыялу.

Андрэа Віктарын падкрэсліла, што па праекце "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" было падтрымана 50 ініцыятыў, накіраваных на развіццё турыстычнага патэнцыялу і захаванне культурнай спадчыны. За апошнія два гады пры падтрымцы ЕС па гэтым праекце было праведзена 20 фестываляў, атрымалі падтрымку 20 музеяў і 23 мастацкія і рамесныя майстэрні.

Паводле слоў намесніка старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Алы Шахоцька, удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў даў магчымасць аб'яднацца і рэалізаваць даўно існуючыя ідэі. Так, месяц таму была адкрыта майстэрня па дрэваапрацоўцы. Цяпер адкрыта музычная гасцёўня Манюшкі. Трэці праект - "Развіццё турыстычнага патэнцыялу гарадскога пасёлка Смілавічы", вынікі якога таксама прэзентавалі ўдзельнікам сустрэчы. Усё гэта дазваляе зразумець, як рухацца далей, і дае магчымасць з'яўляцца новым ідэям. У прыватнасці, ідзе работа над стварэннем пашпарта тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця раёна.

Пастаянны каардынатар ААН/ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха лічыць, што ў Беларусі адбываецца шмат пазітыўных змяненняў у сферы развіцця турызму. Пяцідзённы бязвізавы ўезд для замежных грамадзян, якія прыбываюць паветраным шляхам, - адзін з такіх станоўчых момантаў. Ён выказаў надзею, што ў будучым тэрмін знаходжання турыстаў у Беларусі можа быць павялічаны да 10 дзён, а дзеянне бязвізавага рэжыму распаўсюдзіцца і на турыстаў, якія прыбываюць наземным транспартам.

Разам з тым ёсць шэраг рэчаў, якія патрабуюць рэалізацыі. Гэта датычыцца павышэння сэрвісу ў малых гарадах, забеспячэння камунікацыі, неабходнасці персаналу музеяў валодаць замежнымі мовамі, распрацоўкі брэндзіравання, турыстычныя маршруты.

Гасцям таксама былі прадстаўлены вынікі рэалізацыі яшчэ адной ініцыятывы па праекце "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" - "Развіццё турыстычнага патэнцыялу г. п. Смілавічы". У цэнтры праекта - музей "Прастора Хаіма Суціна", адзін з галоўных тураб'ектаў гарпасёлка. Як расказаў дырэктар прыватнай культурнай установы "Спадчына і час" Юрый Абдурахманаў, дзякуючы фінансаванню па праекце ЕС устаноўлены дарожныя знакі, што дазваляе турыстам арыентавацца ў пошуках месцазнаходжання музея, а ў цэнтры пасёлка на адным з будынкаў з'явілася выява турыстычнай карты Смілавіч з пазначэннем выдатных мясцін. Карта існуе таксама і ў папяровым выкананні. Акрамя таго, выпушчаны камплекты паштовак, прысвечаныя Хаіму Суціну і Шрагу Царфіну. Таксама распрацавана некалькі прапаноў аб турыстычным брэндзе Смілавіч, якія ў хуткім часе будуць прадстаўлены на абмеркаванне.

Юрый Абдурахманаў адзначыў, што работа па развіцці турыстычнага патэнцыялу будзе прадаўжацца і пасля завяршэння ініцыятывы. Паводле задумы, Смілавічы павінны стаць арт-гарадком, дзе дзейнічае некалькі музеяў, галерэй, праходзяць міжнародныя выставы, пленэры і фестывалі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі