Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 лістапада 2017, 17:43

Музейная экспазіцыя адкрыта для турыстаў у Косаўскім палацы

10 лістапада, Івацэвіцкі раён /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія адкрыцця часовай музейнай экспазіцыі адбылася сёння ў Косаўскім палацы ў Івацэвіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Для наведвання адкрыты пяць залаў. У першай сабраны матэрыялы аб Косаве і наваколлі, у другой - аб жыцці і дзейнасці роду Пуслоўскіх. Таксама ў вітрынах прэзентаваны экспанаты, знойдзеныя ў перыяд археалагічных раскопак пры падрыхтоўцы да рэстаўрацыйных работ. Адно з памяшканняў прызначана для мастацкіх выставак. Першыя экспануемыя карціны належаць мясцоваму мастаку Анатолю Галушку. У пятай зале турыстам прапануюць даведацца пра асаблівасці рэстаўрацыі Косаўскага палаца.

"У асноўным у экспазіцыі сабраны археалагічныя артэфакты, некаторыя экспанаты былі знойдзены ў дамах мясцовых жыхароў. Прадстаўленыя элементы не патрабуюць стварэння спецыяльных мікракліматычных умоў. У наступным годзе работы на аб'екце прадоўжацца, у тым ліку будзе праведзена ацяпленне", - паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Васіля Чэрніка, палац Пуслоўскіх мае вялікі турыстычны патэнцыял: побач знаходзяцца музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палацава-паркавы комплекс Сапегаў у Ружанах. З адкрыццём часовай музейнай экспазіцыі колькасць жадаючых паехаць у Івацэвіцкі раён, каб пабываць у замку XIX стагоддзя, павінна павялічыцца ў разы. "Трэба разгледзець магчымасць дапоўніць часовую экспазіцыю нейкімі артэфактамі з музейнага фонду Беларусі. Міністэрства культуры звернецца да замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы, а таксама да вядучых музеяў з просьбай перадаць сюды на захоўванне некаторыя прадметы, прычым характэрныя для замкаў. Упэўнены, яны ўпрыгожаць інтэр'еры Косаўскага палаца", - адзначыў Васіль Чэрнік.

Рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх пачалася ў 2008 годзе, з таго часу з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў было накіравана больш за Br4 млн. Спецыялісты правялі вялікі аб'ём работ, яны аднаўлялі неагатычны палац літаральна з руін. "Трэба было практычна ручным спосабам усё рабіць, немагчыма было прымяніць тэхніку. Сёння відаць толькі малы вынік: рэстаўрацыйныя работы выкананы прыкладна на чвэрць. Наступны этап - работа над інтэр'ерамі, інжынернымі сеткамі. Паралельна будзе весціся добраўпарадкаванне парку", - расказаў навуковы кіраўнік праекта па рэстаўрацыі Косаўскага палацава-паркавага ансамбля Улазімір Казакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі