Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 снежня 2017, 14:09

Міжнародны праект "Шэсце Залатога чалавека па музеях свету" ўзяў старт у Беларусі

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны праект "Шэсце Залатога чалавека па музеях свету" ўзяў старт у Беларусі, паведаміў 1 снежня на цырымоніі адкрыцця выстаўкі "Мастацтва намадаў Вялікага стэпу" ў Нацыянальным мастацкім музеі пасол Казахстана ў Беларусі Ермухамет Ертысбаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка "Мастацтва намадаў Вялікага стэпу" прысвечана Дню Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева, 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам і прымеркавана да візіту ў Беларусь Нурсултана Назарбаева. Мэта міжнароднага выставачнага праекта "Шэсце Залатога чалавека па музеях свету" - пазнаёміць гледача з культурнай спадчынай Вялікага стэпавага пояса Еўразіі эпохі ранняга жалеза.

Як сказаў в.а. дырэктара Нацыянальнага музея Казахстана Леанід Кочатаў, Мінск невыпадкова стаў першай кропкай у маршруце міжнароднага праекта. З НММ Беларусі Нацыянальны мастацкі музей Казахстана звязвае шматгадовае супрацоўніцтва, і рашэнне аб старце праекта ў блізкіх сяброў было відавочным. У цэлым праект будзе рэалізоўвацца на працягу трох гадоў, у 2018 годзе плануецца паказаць выстаўку ў пяці краінах: Кітаі, Рэспубліцы Карэя, Японіі, Індыі і Іспаніі. Затым экспазіцыя адправіцца ў дзяржавы Еўропы і ЗША.

Выстаўка "Мастацтва намадаў Вялікага стэпу", якая прадстаўляе сакскае золата VII-ІІІ стст. да н.э., у Мінску будзе працаваць па 28 снежня. Усяго наведвальнікі змогуць убачыць 232 экспанаты.

У 1969 годзе ў кургане Ісык за 50 км на ўсход ад Алматы археалагічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам вядомага казахстанскага археолага Кемаля Акішава была адкрыта пахавальная камера сакскага правадыра. Усе ўпрыгажэнні касцюма і галаўнога ўбору ляжалі непатрывожанымі ў той паслядоўнасці, у якой былі нашыты на адзенне. Такое ўбранне насілі ў дні ўрачыстых прыёмаў і парадных аглядаў. Адзенне сакскага правадыра ўпрыгожвала складаная кампазіцыя з бляшак з выявай жывёл, раслінных матываў і геаметрычных фігур. Усе яны з'яўляюцца творамі мастацтва і належаць да помнікаў скіфа-сібірскага звярынага стылю. Пахаваны ў кургане воін сапраўды быў залатым: у пахавальнай камеры археолагі знайшлі наогул 4,8 тыс. упрыгажэнняў. Пасля фараона Тутанхамона гэта найбольшая колькасць залатых прадметаў, што былі калі-небудзь знойдзены ў грабніцах.

Сёння "Залаты чалавек" вядомы ўсяму свету і з'яўляецца сімвалам Казахстана. Казахстанская археалагічная навука з 1969 па 2013 год паказала свету шэсць "Залатых людзей", што з'яўляецца культурнай спадчынай Вялікага стэпавага пояса Еўразіі.

Унікальнай знаходкай кургана з'яўляецца і маленькая срэбраная чаша, што змяшчае двухрадковы надпіс з 26 знакаў рунічнага пісьма. Раней у навуцы лічылася, што пісьменства ў Казахстане з'явілася значна пазней.

З дня адкрыцця кургана Ісык прайшло больш за 40 гадоў. Выдадзена некалькі кніг і дзясяткі навуковых артыкулаў. Да гэтага часу вядуцца гісторыка-аналітычныя, археолага-культуралагічныя, мастацтвазнаўчыя, лінгвістычныя даследаванні знаходак.

На выстаўцы таксама прадстаўлены вырабы з кургана старажытных качэўнікаў Берэль, якія атрымалі сусветную вядомасць дзякуючы знойдзеным там пахаванням знаці і высокамастацкім вырабам, што былі выкананы ў скіфа-сібірскім звярыным стылі і захаваліся ў зоне штучна створанай мерзлаты.-0-

Фота Віталя Арэшкі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі