Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 чэрвеня 2016, 13:31

Міжнародны праект "Час і творчасць Льва Бакста" накіроўваецца ў Рыгу

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя міжнароднага праекта "Час і творчасць Льва Бакста" 6 ліпеня адкрыецца ў музеі "Рыжская біржа", паведамілі БЕЛТА арганізатары праекта.

Выстаўка "Час і творчасць Льва Бакста", прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага мастака, накіруецца ў Латвію пасля яе экспанавання ў Вільнюскай карціннай галерэі.

Сталіца Літвы - другі пункт у турнэ гэтага міжнароднага праекта, арганізаванага па ініцыятыве Белгазпрамбанка, пасля трыумфальнай дэманстрацыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, якая стартавала 9 лютага і апярэдзіла такія амбіцыйныя праекты, як юбілейныя рэтраспектывы Бакста ў Рускім музеі (Санкт-Пецярбург) і Дзяржаўным музеі выяўленчага мастацтва імя Пушкіна (Масква).

Выстаўку Бакста ў Вільнюсе з 29 красавіка па 26 чэрвеня наведалі амаль 20 тыс. чалавек, што з'яўляецца паказчыкам вялікай цікавасці да творчасці майстра і яго сучаснікаў з боку літоўскай грамадскасці. Амаль 10 працэнтаў наведвальнікаў склалі замежныя турысты.

Склад экспанатаў вільнюскай выстаўкі крыху адрозніваўся ад мінскага. Далёка не ўсе ключавыя артэфакты, якія парадавалі беларускіх аматараў, можна было ўбачыць у сталіцы Літвы. Аднак экспазіцыя была дапоўнена за кошт новых удзельнікаў. Усяго ў Вільнюсе былі сабраны экспанаты з 12 дзяржаўных, карпаратыўных і прыватных збораў Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі. Цэнтральнае месца на выстаўцы занялі 6 шэдэўраў Льва Бакста з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, які валодае самым значным прыватным зборам станковых твораў аўтара ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Тры аўтарскія літаграфіі маэстра былі прадастаўлены Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Упрыгажэннем выстаўкі таксама сталі эскізы тэатральных касцюмаў Бакста са збору фонду Аляксандра Васільева - вядомага гісторыка моды, вядучага тэлепраграмы "Модны прысуд", уладальніка радавой сядзібы пад Вільнюсам.

За час работы выстаўкі "Час і творчасць Льва Бакста" супрацоўнікі Мастацкага музея Літвы правялі больш як 40 экскурсій, арганізавана больш як 50 адукацыйных мерапрыемстваў, на якіх з творчасцю юбіляра азнаёміліся амаль 1 тыс. літоўскіх школьнікаў.

У гэтыя дні сталіца суседняй Латвіі Рыга рыхтуецца прыняць у сябе гэты грандыёзны міжнародны арт-праект. Чакаецца, што рыжская выстаўка ні ў чым не ўступіць папярэднім пунктам яе турнэ, паколькі менавіта Латвійскі Нацыянальны мастацкі музей прадаставіў для экспазіцый у Мінску і Вільнюсе ўнікальную калекцыю рускага мастацтва Сярэбранага стагоддзя (М. Бенуа, К. Багаеўскі, М. Урубель, Я. Лансерэ, К. Пятроў-Водкін, К. Сомаў, М. Валошын) са свайго багатага збору. Выстаўка ў музеі "Рыжская біржа" прадоўжыцца з 7 ліпеня па 28 жніўня.

Маштабны міжнародны арт-праект "Час і творчасць Льва Бакста" прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага мастака, якое адзначаецца пад эгідай ЮНЕСКА. У экспазіцыі сабраны больш як 200 твораў Бакста і яго сучаснікаў з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, музейных збораў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі.

Леў Бакст (1866-1924) - сусветна вядомы мастак Сярэбранага стагоддзя, заснавальнік стылю "мадэрн". Нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне (Беларусь). Стаяў ля вытокаў легендарнага мастацкага аб'яднання "Свет мастацтва". Бакст праявіў сябе як выдатны партрэтыст, ілюстратар, тэатральны мастак і мадэльер сваёй эпохі. Сусветную вядомасць ён атрымаў, стаўшы галоўным мастаком знакамітых балетных "Рускіх сезонаў" С. Дзягілева ў Парыжы. Майстар з ярка выражаным індывідуальным почыркам і вытанчаным густам, Леў Бакст стаў адным са ставаральнікаў моды арыенталізму і культыватараў экзатычнай элегантнасці ў Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі