Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 мая 2018, 11:02

Міжнародны конкурс сучаснага мастацтва для дзяцей і моладзі пройдзе ў Мінску

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VI Міжнародны конкурс сучаснага мастацтва Аvanti для дзяцей і моладзі пройдзе 6 мая ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Творчае спаборніцтва арганізавана на дзвюх пляцоўках - у канцэртнай зале "Атлант" і Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў. Выступяць больш за 2 тыс. чалавек - таленавітыя дзеці і моладзь ва ўзросце ад 4 да 25 гадоў з розных краін свету. Найбольшая колькасць удзельнікаў чакаецца з Расіі. У цэлым за час існавання конкурсу ў ім удзельнічалі юныя таленты з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Турцыі, Арменіі, Грузіі, Польшчы, Ізраіля і інш.

Творчае спаборніцтва адбудзецца па некалькіх намінацыях. Удзельнікі прадэманструюць свае таленты ў народным, акадэмічным, эстрадным і джазавым вакале, харэаграфіі, інструментальным выканальніцтве, тэатральным і цыркавым мастацтве і інш. Выканаўцы і творчыя калектывы ўжо маюць вопыт канцэртных выступленняў і дабіліся поспехаў на нацыянальных і міжнародных конкурсах, фестывалях.

Конкурсныя праслухоўванні будуць праводзіцца з 10.00 да 21.00. Узнагароджанне ўладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў адбудзецца пасля завяршэння выступленняў артыстаў у кожнай намінацыі. У журы ўвойдуць прафесіяналы: прадзюсары, паэты, кампазітары, аранжыроўшчыкі, рэжысёры, папулярныя выканаўцы, мадэльеры, артысты цырка, прадстаўнікі СМІ.

Акрамя таго, у канцэртнай зале "Атлант" разгорнецца выстаўка работ рамеснікаў з творчага праекта "Аблічча Беларусі". Майстры будуць працаваць на вачах у дзяцей і дарыць работы ўдзельнікам конкурсу Аvanti. Кожны канкурсант зможа прывезці дадому сувенір на памяць аб гасціннай Беларусі.

Конкурс праводзіцца ў мэтах развіцця і ўмацавання міжнародных культурных сувязей, папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры і мастацтва. Яго задачамі з'яўляюцца развіццё творчага патэнцыялу дзяцей, падтрымка культурных традыцый і фарміраванне цікавасці да розных жанраў сучаснага мастацтва. Заснавальнікам спаборніцтва выступае ПУП "Адукацыйна-прадзюсарскі цэнтр "Аванці" (Мінск).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі