Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 сакавіка 2018, 15:53

Міжнародны фестываль камернай музыкі пройдзе ў Полацку з 5 красавіка па 8 мая

30 сакавіка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. ХХХІ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі пройдзе ў Полацку з 5 красавіка па 8 мая, паведаміла БЕЛТА загадчыца канцэртнага аддзела Сафійскага сабора Алена Мартынава.

Удзельнікамі фестывалю ў гэтым годзе стануць праслаўленыя музыканты і маладыя таленты сусветнага выканальніцкага майстэрства з Беларусі, Германіі, Літвы, Расіі, Ісландыі і Эстоніі. "Фестываль - гэта незабыўнае свята для ўсіх любіцеляў музыкі. У непаўторнай атмасферы Сафійскага сабора прагучаць шэдэўры старадаўняй камернай музыкі, творы вялікіх кампазітараў сучаснасці, прэм'еры айчынных і замежных аўтараў. Полацкі форум уваходзіць у лік знакавых падзей у музычным жыцці Беларусі і з'яўляецца яго неад'емнай часткай", - падкрэсліла Алена Мартынава.

На ўрачыстым адкрыцці фестывалю 5 красавіка выступіць камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Прагучыць музыка вялікіх кампазітараў Іагана Себасцьяна Баха і Вівальдзі. Другі канцэрт адбудзецца 8 красавіка - гэта будзе выступленне нямецкага арганіста Крыстафа Хаўзера, які разам з класічнымі творамі выканае арганныя імправізацыі на велікодныя тэмы, а таксама сюіту на музыку Харальда Фелера з кінафільма "Зорныя войны".

"Фартэпіянны вечар 12 красавіка прысвечаны памяці выдатнай піяністкі, таленавітага педагога, заслужанай артысткі Расіі, прафесара Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі Ніны Мікалаеўны Сярогінай, якая заўчасна пайшла з жыцця ў 2017 годзе. Яна выхавала некалькі пакаленняў таленавітых і паспяховых піяністаў, многія з якіх сталі лаўрэатамі прэстыжных міжнародных конкурсаў. У памяць аб сваім педагогу на сцэне Сафійскага сабора выступяць Юргіс Алекнавічус з Літвы і Марыя Сапаргаліева з Расіі", - растлумачыла загадчыца канцэртнага аддзела.

Зоркі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі выступяць у Сафійскім саборы 18 красавіка. У канцэрце прагучаць рамансы і песні праслаўленага кампазітара ХХ стагоддзя Георгія Свірыдава на словы А. Пушкіна, А. Блока, Р. Бёрнса, У. Маякоўскага, П. Беранжэ, а таксама шэдэўр свірыдаўскай камернай музыкі - цыкл на словы Сяргея Ясеніна.

26 красавіка да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага кампазітара XIX стагоддзя Фларыяна Міладоўскага ўпершыню ў Полацку прагучыць меса "Спевы ды святой Імшы", якая была страчана больш за стагоддзе таму і атрымала другое жыццё ў нашы дні: твор аднавілі па фрагментах рукапісаў, якія захаваліся ў Варшаўскім музычным таварыстве імя С. Манюшкі. Гэту месу выканае дэбютант фестывалю - беларускі камерны хор Salutaris.

Завяршальным акордам фестывалю стане канцэрт Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам эстонскага дырыжора Эркі Пехка. Упершыню ў Сафійскім саборы выступяць вядомыя салісткі з Ісландыі Крысціяна Хелгадоцір (флейта) і Гунхілдур Эйнарсдоцір (арфа). У праграме музыка Моцарта, Дэбюсі і японскага кампазітара Такэміцу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі