Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 жніўня 2018, 10:15

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" пройдзе ў Гомелі 14-16 верасня

10 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. IX Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" пройдзе ў Гомелі 14-16 верасня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярына Дзегцярова.

Заяўкі на ўдзел падалі больш за 30 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Сербіі. У бліжэйшы час у аргкамітэце чакаюць пацвярджэння прыбыцця прадстаўнікоў з Індыі. "Плануецца каля тысячы артыстаў і гасцей фестывалю з рэгіёнаў Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. У іх ліку - харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага і эстраднага танца, сучаснай харэаграфіі, выканаўцы спартыўных бальных танцаў і інш.", - удакладніла субяседніца.

Упрыгожваннем фестывалю стане і міжнародны турнір па бальна-спартыўных танцах на Кубак Гомеля "Залатая Рысь". Баталіі на паркеце пройдуць у рытме ча-ча-ча, джайва, румбы і інш.

Праграма ўключае конкурсныя выступленні, тэатралізаванае касцюміраванае шэсце ўдзельнікаў, сольныя і сумесныя нумары калектываў на канцэртных пляцоўках Гомеля, прысвечаных 876-у дню нараджэння абласнога цэнтра. Пакуль арганізатары не раскрываюць усе сюрпрызы, якія чакаюць удзельнікаў і гасцей конкурсу, але абяцаюць шмат цікавага. Відовішчнае і яркае адкрыццё фестывалю запланавана на стадыёне "Цэнтральны" на 14 верасня.

Пераможцаў конкурсу харэаграфічнага майстэрства назавуць на закрыцці 16 верасня. Уладальніку Гран-пры, а таксама лаўрэатам і дыпламантам уручаць узнагароды і каштоўныя падарункі. У складзе журы конкурсаў - мастацтвазнаўцы, вядучыя спецыялісты-практыкі ў галіне харэаграфічнага і тэатральнага мастацтва Беларусі і іншых краін.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" упершыню сабраў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне танцавальныя калектывы з розных краін у 1997 годзе. Мерапрыемства накіравана на пашырэнне і ўмацаванне міжнацыянальных творчых сувязей, узаемадзеянне нацыянальных культур. Заснавальнікамі харэаграфічнага форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі