Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 сакавіка 2017, 11:28

Містычныя фільмы аб прывідах уключаны ў рэтраспектыву японскага кіно ў Мінску

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Містычныя фільмы аб прывідах уключаны ў рэтраспектыву японскага кіно ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У кінатэатры "Піянер" з 30 сакавіка па 2 красавіка на рэтраспектыве японскага кіно пройдуць паказы своеасаблівай анталогіі "Кайдан" - традыцыйнага японскага жанру, прызначанага спалохаць чытача, слухача, гледача. Беларускую публіку чакаюць як класічныя кінаўзоры жанру, так і сучасныя інтэрпрэтацыі.

"Кайдан" - гэта расказы аб сустрэчах са звышнатуральным: прывідамі, ведзьмамі, дэманамі, пярэваратнямі. Яшчэ ў сярэднія вякі зборнікі кайданаў трансфармаваліся ў асобны літаратурны жанр. На іх аснове часта ствараліся п'есы нацыянальнага тэатра кабукі, а са з'яўленнем кінематографа - містычныя фільмы. Лепшыя рэжысёры Японіі неаднаразова звярталіся да гэтага жанру, ствараючы шэдэўры стылю і апавядання.

"Гэтыя фільмы памылкова прылічваюць да фільмаў жахаў, аднак у іх няма залішняга кровапраліцця або празмернага насілля. Трывога і страх дасягаюцца за кошт напружання і неспакойнага чакання, якое павольна нарастае", - каменціруе праграму кінакрытык Ігар Сукманаў.

Беларускія кінааматары ўбачаць чатыры фільмы: "Падарожжа да берага" (2015) Кіёсі Курасавы, "Луна ў тумане" (1953) Кэндзі Мідзагуці, "Півоневы ліхтар" (1968) Сацуа Ямамота і "Тэатр прывідаў" (1981) Сэйдзюна Судзукі. Фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субтытрамі.

Гэта ўжо шостая рэтраспектыва японскага кіно, якая праводзіцца ў Мінску пры падтрымцы кампаніі "Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі" (JTI). У папярэднія гады беларускія гледачы змаглі ўбачыць карціны класікаў японскага кінематографа Сёхэя Імамуры і Кэйскэ Кінасіты, пасмяяліся ў час культавай камедыі аб Тора-Сане і ацанілі шэдэўры, знятыя "Сётыку". Акрамя таго, кампанія садзейнічала арганізацыі канцэртаў Кейка Мацуі, высаджванні алеі сакуры ў беларускай сталіцы, міжнароднага праекта, прысвечанага Іосіфу Гашкевічу. Паказ фільмаў у жанры "Кайдан" прадоўжыць добрую традыцыю знаёмства з японскім мастацтвам і пашырыць дыяпазон уяўленняў аб яшчэ адной своеасаблівай і прыгожай яго грані, адзначыў намеснік дырэктара JTI Генадзь Бруснікаў.

Дапаўненнем да адкрыцця рэтраспектывы стане выстава мастацкіх работ вучняў арт-студыі Цэнтра японскай культуры "Хагакурэ", выкананых у жанры традыцыйнага японскага жывапісу тушшу суміэ. Выстава будзе экспанавацца ў холе кінатэатра "Піянер".

Арганізатарамі з'яўляюцца Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн", пасольства Японіі ў Беларусі і кампанія JTI.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі