Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лістапада 2019, 17:50

Міснікава: наш нумар павінен разварушыць залу і спадабавацца гледачам дзіцячага "Еўрабачання"

21 лістапада, Глівіцы /Святлана Сухарко - БЕЛТА/. Адбылася другая індывідуальная рэпетыцыя прадстаўніцы Беларусі на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" Лізаветы Міснікавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведамлялася раней, першая рэпетыцыя прайшла 19 лістапада. Яна доўжылася 40 мінут, другая - 30 мінут. Менавіта столькі часу выдзелена кожнаму з удзельнікаў фінальнага шоу на прагон выступлення. Сёння на галоўную сцэну песеннага форуму павінна выйсці першая дзясятка краін у алфавітным парадку.

Ліза Міснікава выйшла на сцэну чацвёртай. Нагадаем, у фінальным шоу ў яе сёмы нумар. Юная спявачка і яе балет былі ў касцюмах з прычоскамі і макіяжам - усё як на фінальным шоу. "Мне вельмі падабаецца сцэна. У нас цудоўны нумар. Наша задача - разварушыць залу. Думаю, усё атрымаецца і наш нумар спадабаецца гледачам дзіцячага "Еўрабачання", - адзначыла юная выканаўца. Дарэчы, Ліза шмат рухаецца на сцэне, але гэта зусім не перашкаджае ёй браць высокія ноты.

Заўтра на галоўнай сцэне дзіцячага "Еўрабачання-2019" адбудзецца другая рэпетыцыя астатніх дзевяці ўдзельнікаў фінальнага шоу. Прэс-канферэнцыя для афіцыйных прадстаўнікоў усіх краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання" і генеральны прагон гала-канцэрта пройдуць 23 лістапада. Фінальнае шоу адбудзецца 24 лістапада. На сцэну Arena Gliwice выйдуць юныя таленты з 19 краін: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Украіны, Уэльса, Францыі і гаспадыні цяперашняга конкурсу - Польшчы.

Прамую трансляцыю грандыёзнага песеннага форуму будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі. Каменціраваць шоу будзе журналіст АТН і вядучы "Беларусь 1" Яўген Перлін. Адкрые выступленне канкурсантаў прадстаўнік Аўстраліі, а завершыць удзельнік з Сербіі. Слоган конкурсу ў гэтым годзе - "Падзяліся радасцю".

З 22 лістапада, у адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу, беларусы змогуць падтрымаць Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю "Пепельный" на сайце песеннага форуму www.junioreurovision.tv. Пачынаючы з гэтага дня, можна будзе паглядзець відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў і выбраць ад трох да пяці артыстаў, якія спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Акно для галасавання закрыецца непасрэдна перад канцэртам у нядзелю, 24 лістапада, і зноў адкрыецца, калі ўсе песні будуць выкананы, але толькі на 15 мінут.

Арганізацыю і падрыхтоўку беларускай удзельніцы да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2019", а таксама трансляцыю песеннага форуму ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі