Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 верасня 2019, 10:56

Міснікава: канкурэнцыя на адборы на дзіцячае "Еўрабачанне-2019" была вельмі моцнай

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канкурэнцыя на адборы на дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019" была вельмі моцнай, заявіла 23 верасня ў час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі Лізавета Міснікава, якая ў бягучым годзе прадставіць Беларусь на міжнародным форуме, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Я не была ўпэўнена, што буду першай, паколькі адбор быў моцны. Песні былі цудоўныя, была напружаная барацьба, і я віншую ўсіх фіналістаў з такім вялікім этапам. Вядома, было хваляванне перад сцэнай, мне здаецца, ва ўсіх яно заўсёды ёсць. Але, калі я выйшла, хваляванне знікла і ўсё прайшло выдатна, - расказала Лізавета Міснікава. - Калі пайшоў падлік рэзультатаў, я палавіны не бачыла на экране, таму што дзяўчынкі вельмі высокія былі. Спачатку не магла зразумець, чаму ўсе крычаць. І тут я бачу сваё імя ў радку пад нумарам 1. Потым я паглядзела яшчэ раз, ці сапраўды гэта я, і пайшла ў цэнтр на месца пераможцы".

Песню "Пепельный", якая прынесла Лізе перамогу, ёй дапамаглі падрыхтаваць аўтары Кірыл Гуд і Наталля Тамбоўцава. "Мая песня пра тое, што сёння ты шэры, пануры, сумны, а вось вазьмі і пераназаві сябе - і станеш яркі, лёгкі, сярэбраны. Адзін і той жа колер можна назваць па-рознаму. Тое ж самае ў жыцці. На сцэне я таксама розная: то вясёлая, то спяваю вельмі сумную песню і ўяўляю нейкую гісторыю. Спецыяльна напісалі гэту песню для конкурсу, мне яна вельмі спадабалася, яна танцавальная, яркая, як любіць моладзь", - адзначыла юная выканаўца.

Дзяўчынка прызналася, што ў яе шмат знаёмых і сяброў, якія актыўна падтрымлівалі яе ў дзень фіналу. "Гэта была вялікая група, яны за мяне галасавалі. Калі я выходзіла на сцэну, усе пачалі спяваць маю песню. Гэта выдатная падтрымка, - сказала яна. - Мне падабаецца, што ў мяне ёсць фанаты, якія мяне падтрымліваюць, якія напісалі мне вельмі шмат добрых слоў, калі я перамагла. Я адказвала ім, напэўна, два дні, таму што было вельмі шмат паведамленняў".

Што датычыцца нумара прадстаўніцы Беларусі, то да міжнароднага конкурсу ён зведае некаторыя змяненні. "Нумар, вядома, будзе мяняцца. У час нацыянальнага адбору, дакладней, да яго, мой касцюм мяняўся некалькі разоў. А тут яшчэ больш часу. Яшчэ песню можна выканаць на англійскай, можа, яе неяк будуць перарабляць, таму ўсё магчыма. Я думаю, што кліп будзе класны, яркі, зноў жа з маёй падтанцоўкай", - падкрэсліла Лізавета.

Яна займаецца творчасцю з 5 гадоў, але прафесійна спявае толькі з 11. "Я навучылася думаць, пра што я спяваю, як спяваю, пасля гэтага пачаліся ўсвядомленыя спевы. Я ведаю, што мая прабабуля спявала калісьці ў касцёле, у бацькі майго была школьная група, дзе ён іграў на гітары. Ён сказаў, што я прадаўжаю гэта рабіць за яго", - дадала яна.

Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў Польшчы. Беларусь удзельнічае ў конкурсе песні з моманту яго заснавання - з 2003 года. На рахунку краіны дзве перамогі: у 2005-м конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". У 2018 годзе Беларусь ужо другі раз была гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання" і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю форуму: на сцэне "Мінск-Арэны" выступілі юныя артысты з 20 краін.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі - як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі