Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лютага 2016, 10:58

Мінкультуры і Беларуская праваслаўная царква правядуць сумесныя мерапрыемствы ў Год культуры

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства культуры Беларусі і Беларуская праваслаўная царква правядуць сумесныя мерапрыемствы ў Год культуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.

Бакі падрыхтавалі комплексны план мерапрыемстваў (іх намечана 62). Дакумент падпісалі 22 лютага Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Яркімі падзеямі стануць міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі праваслаўных песнапенняў, духоўнай музыкі і перазвону. Запланаваны творчыя конкурсы, канферэнцыі і семінары на культурна-асветную тэматыку.

Асаблівая ўвага - мерапрыемствам для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Так, у 2016 годзе пройдуць Міжнародны творчы конкурс па дэкаратыўнай лепцы з гліны імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі для дзяцей з парушэннем зроку, а таксама Мінскі адкрыты дзіцячы музычны конкурс імя свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Прадугледжаны мерапрыемствы да юбілейных дат, сярод якіх 900-годдзе з дня спачыну свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага, 915-годдзе з дня нараджэння прападобнай Ефрасінні Полацкай, 430-годдзе з дня нараджэння праведнай Сафіі Слуцкай, 70-годдзе з дня спачыну прападобнага Серафіма Жыровіцкага, 100-годдзе з дня нараджэння протапрэсвітара Віталя Баравога і іншыя.

У новым фармаце пройдуць Калядныя чытанні.

План распрацаваны ў мэтах умацавання духоўна-маральнага выхавання насельніцтва і змяшчае комплекс сумесных мерапрыемстваў, сярод якіх - дзень праваслаўнай кнігі, фестываль духоўнай музыкі, тэматычныя выстаўкі, іншыя фестывалі, святы, дабрачынныя акцыі.

Таксама адбылося пасяджэнне рабочай групы па пытаннях узаемадзеяння Міністэрства культуры Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы, у тым ліку распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы супрацоўніцтва БПЦ і Мінкультуры на 2017-2021 і наступныя гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі