13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Конкурс эскізных праектаў помніка Настассі Слуцкай праводзіцца ў Беларусі да 14 снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.
Конкурс аб'яўлены з мэтай пошуку найбольш выразнага вобраза легендарнай княгіні як жанчыны-воіна, жанчыны-абаронцы. Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную адукацыю. Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне помніка павінна быць вытрымана ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва. Месцам размяшчэння помніка вызначаны сквер па вул. Вялікая Горка ў горадзе Слуцку. Абавязковай умовай з'яўляецца неабходнасць улічыць агульную горадабудаўнічую сітуацыю і гістарычнага цэнтра горада, візуальнага ўспрымання помніка ў розных участках сквера.
Заяўка на ўдзел у конкурсе падаецца да 14 снежня ўключна па адрасе: Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 309, кантактны тэлефон + 375 17 203 74 12. Конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца не пазней за 14 снежня ў галерэю ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў".
Матэрыялы разгледзіць журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 18 снежня. Склад журы зацвярджаецца загадам Міністэрства культуры. Рашэнне прымаецца ў прысутнасці не менш як палавіны складу журы адкрытым галасаванне простай большасцю галасоў прысутных. Пры аднолькавай колькасці галасоў "за" і "супраць" голас старшыні з'яляюцца рашаючым.
Крытэрыі ацэнкі эскізных праектаў: адпаведнасць умовам конкурсу, высокі прафесійны ўзровень, выкарыстанне арыгінальнага рашэння, адлюстраванне найбольш выразнага вобраза Настассі Слуцкай.
Рашэннем журы вызначаецца эскізны праект, які заняў першае месца, і пераможца (аўтар эскізнага праекта). Пераможца конкурсу атрымлівае права на стварэнне помніка. Вынікі конкурсу публікуюцца ў тыднёвы тэрмін пасля вынясення рашэння журы на афіцыйным сайце Міністэрства культуры.
Інфармацыя аб правядзенні конкурсу, яго ўмовах, крытэрыях, парадку і тэрмінах аб'яўлення вынікаў размяшчаецца на афіцыйных сайтах Міністэрства культуры, Слуцкага выканаўчага камітэта і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры і Слуцкі райвыканкам.-0-