Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 верасня 2018, 13:25

Мастакі трох краін на выставе ў Віцебску прадставяць сваю трактоўку сучаснага пейзажа

26 верасня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. У арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску сёння адкрыецца выстава пейзажаў па міжнародным праекце "Трэцяя плынь", прысвечаным жанраваму мастацтву, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў арт-цэнтры.

Арганізатары выбіраюць адзін з традыцыйных жанраў, просяць мастакоў прысылаць работы і глядзяць, як сучасныя аўтары трактуюць гэты жанр. У гэтым годзе выбраны пейзаж. На выставе прадставяць работы каля 30 мастакоў з Беларусі, Латвіі і Расіі, некаторыя будуць прысутнічаць на адкрыцці.

Будзе аб'яднана больш за 50 палотнаў, можна ўбачыць пейзажы як напісаныя з натуры, так і тыя, якія з'явіліся ва ўяўленні майстра, у якасці абстракцыі.

"Мастакам прапанавалі паказаць сваё бачанне гэтага жанру сёння. У экспазіцыі будзе прадстаўлена разнастайнасць пейзажаў, удзельнікаў праекта не абмяжоўвалі ні сюжэтна, ні стылістычна. У часы, калі ёсць сучасная фота- і відэатэхніка і падобнасць ужо не мэта мастака, пейзаж усё роўна застаецца важным і натхняльным", - адзначылі ў арт-цэнтры.

Выстава, якая арганізавана музеем Марка Шагала ў Віцебску пры падтрымцы консульства Латвіі, будзе працаваць да 16 кастрычніка.

Міжнародны выставачны праект "Трэцяя плынь" - ініцыятыва віцебскага мастака Леаніда Мядзведскага. Трэцяя плынь - напрамак у музыцы, які аб'ядноўвае класіку і джаз, традыцыю і імправізацыю. Асноўная мэта выстаў праекта - вывучэнне сучаснага стану жанру як сістэмы. Першая прайшла ў 2017 годзе і была прысвечана партрэту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі