Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 сакавіка 2017, 11:04

Магіляўчане пакажуць на форуме "М@rt. кантакт" два спектаклі

21 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Магіляўчане на ХII Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме "М@rt. кантакт", які пройдзе ў Магілёве 21-27 сакавіка, пакажуць два спектаклі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце форуму.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр прыме ўдзел у свяце тэатра са спектаклем "Крэйцарава саната" па аднайменнай аповесці Льва Тастога. Літаратурныя вобразы ў гэтай пастаноўцы быццам ажываюць у метафізічных і эзатэрычных шуканнях літоўскага рэжысёра Саўлюса Варнаса і ў таленавітай гульні маладога акцёра Івана Труса. У выніку атрымалася вельмі прыгожае, неардынарнае, яркае відовішча - гісторыя аб вечных узаемаадносінах мужчыны і жанчыны, дзе ёсць каханне або яго няма.

А Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа новы монаспектакль лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Мікалая Сцешыца пад назвай "Сіняя-сіняя" паводле апавядання беларускага класіка У.Караткевіча. "Гэта спектакль для дарослых, у фармаце інтымнага маналогу і на беларускай мове, - расказаў рэжысёр Ігар Казакоў. - Любыя складаныя вывады і пошукі, важныя рашэнні па выбары жыццёвага шляху - унутры аднаго чалавека, яны як правіла вырашаюцца на адзіноце. Аб гэтым і наш спектакль".

Беларусь жа будзе прадстаўлена ў афішы міжнароднага тэатральнага форуму акрамя вышэйназваных яшчэ трыма творчымі калектывамі. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр пакажа перформанс "Прадметная размова" (аўтар ідэі і рэжысёр - Вольга Скварцова) і спектакль "Саша, вынесі смецце", пастаўлены артыстам тэатра Дзмітрыем Багаслаўскім паводле п'есы сучаснага ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск) прывязе на форум спектакль "Лондан" (рэжысёр Алена Сілуціна), пастаўлены паводле п'есы Максіма Дасько пры падтрымцы Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ. У праграме ёсць і беларускамоўная пастаноўка паводле п'есы Андрэя Іванова - спектакль "Гэта ўсё яна" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта пастаноўка ажыццёўлена польска-нямецкім рэжысёрам Монікай Дабраўлянскай пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ.

На сёлетнім форуме гледачы ўбачаць 22 спектаклі 20 тэатраў з 10 краін свету: Расіі, Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Казахстана, Арменіі, Аўстрыі, Грузіі, ЗША. "На форум запрошаны некалькі калектываў, якія ярка праявілі сябе на папярэдніх фестывалях, але аснову праграмы ўсё ж складаюць новыя для нас тэатры і творчыя групы", - адзначылі субяседнікі.

Фестываль праводзіцца з 2006 года з мэтай развіцця і прапаганды тэатральнага мастацтва праз паказ лепшых сцэнічных твораў для моладзі. За 11 гадоў ён стаў адной з самых знакавых культурных падзей на усёй тэатральнай прасторы Беларусі. За ўсе гады правядзення фестывалю на ім было паказана 168 спектакляў з 17 краін свету, а іх паглядзелі больш за 36 тыс. гледачоў.

Заснавальнікамі форуму з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Магілёўскі аблвыканкам і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі