Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 сакавіка 2018, 12:28

Магілёўскі аблдрамтэатр у сакавіку прадставіць дзве прэм'еры

3 сакавіка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Магілёўскі абласны драматычны тэатр у сакавіку прадставіць адразу дзве прэм'еры спектакляў "Былыя" (В.Сцяпнова) і "Смага і голад" (Э.Іанеска), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА літаратурны рэдактар установы культуры Вольга Семчанка.

Прэм'ера "Былыя" пройдзе на малой сцэне 9, 10, 11 і 14 сакавіка. Гледачоў чакае амаль французская камедыя па п'есе расійскага драматурга Вольгі Сцяпновай. Рэжысёрамі пастаноўкі выступілі артысты драмтэатра - Ганна і Руслан Кушнеры. Гэта не першая іх сумесная работа. Раней тандэм прадставіў магілёўскаму гледачу камедыю "Псіхааналіз - гэта мастацтва".

"Былыя" - лёгкі, іскрамётны, рамантычны і маладзёжны спектакль. Гісторыю былых мужа і жонкі, якія жывуць па прычыне абставін пад адным дахам, разыграюць Вольга Ліфпуц, Часлаў Вількін, Аляксандр Куляшоў, Марыя Рудакова, Руслан і Ганна Кушнеры.

А 15 і 16 сакавіка на вялікай сцэне прадставяць гледачу спектакль "Смага і голад". П'еса французскага драматурга румынскага паходжання Эжэна Іанескі прысвечана жыццю чалавечага духу, нястрымнаму імкненню душы да шчасця, вялікаму жаданню ўцячы ад адзіноты, экзістэнцыяльнай тузе па нечым сапраўдным. Галоўны герой Жан уцякае ад невыноснай штодзённасці, трагедыі штодзённага жыцця з яе прэснымі пачуццямі і адпраўляецца на пошукі страчанага раю, следам за сваімі мроямі пра каханне.

П'есу ва ўласнай сцэнічнай рэдакцыі паставіў на сцэне Магілёўскага тэатра драмы яго галоўны рэжысёр Саўлюс Варнас, дэкарацыі і касцюмы прыдумаў мастак Міхаіл Лашыцкі. Харэограф - кіраўнік пластычнага тэатра "ІнЖэст" Вячаслаў Іназемцаў. У спектаклі заняты лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Рэспублікі Беларусь Іван Трус, Дзмітрый Дудкевіч, Наталля Калакустава, Аляксандра Афанасьева, Людміла Жураўлёва і іншыя артысты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі