Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 чэрвеня 2017, 19:37

Магчымасці развіцця беларускага кіно спецыялісты абмеркавалі ў час круглага стала ў Мінску

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці развіцця беларускага кіно спецыялісты абмеркавалі ў час круглага стала ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Поршнеў, кінастудыя з 2009 года знаходзіцца на рэканструкцыі, завяршэнне якой адбудзецца ў лістападзе 2017 года. Пры гэтым беларускія кінематаграфісты не спыняюць творчы працэс, і па перспектыўных планах на "Беларусьфільме" да 2020 года будзе выходзіць шэсць поўнаметражных мастацкіх стужак штогод. Акрамя таго, запланаваны выпуск 9-12 анімацыйных фільмаў кожны год, а таксама дакументальных работ. Паводле слоў Ігара Поршнева, у адпаведнасці з планамі цяпер у вытворчасці знаходзяцца шэсць кінакарцін.

"Беларусьфільм" з'яўляецца фабрыкай, адзіным арганізмам, работу якога неабходна гарманізаваць", - лічыць кінарэжысёр намеснік генеральнага дырэктара кінастудыі па творчых пытаннях Вячаслаў Нікіфараў. Дастойныя, якасныя карціны могуць ствараць толькі атрады кінаспецыялістаў, магчыма, пачынаць рух да развіцця трэба з малабюджэтных праектаў, лічыць ён.

Намеснік начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Аляксей Бязуглы звярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на тое, што развіццё кінастудыі і галіны ў цэлым вядзецца згодна з планам. Аднак некаторыя пункты ўсё ж застаюцца не ажыццёўленымі. Ён нагадаў, што ў Міністэрстве культуры другі год распрацоўваецца дакумент, які будзе садзейнічаць максімальна камфортнай рабоце кінематаграфістаў. Да яго распрацоўкі прыцягнуты прадстаўнікі як дзяржаўных, так і незалежных структур, якія працуюць у кінасферы.

У сваю чаргу начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша паведаміў, што на кінастудыі праводзіцца работа па рэалізацыі ўжо гатовай прадукцыі, а таксама фарміруюцца планы па рэалізацыі будучых работ. У той жа час кінарэжысёр Андрэй Курэйчык выказаў меркаванне, што маштабныя праекты ў Беларусі акупіць немагчыма з-за вузкага рынку, а таму трэба імкнуцца выходзіць са сваёй прадукцыяй за яго межы. Гэта магчыма пры ўмове прапанавання кінапрадукцыі, у вытворчасці якой заняты майстры не менш як пяці краін.

Малады беларускі рэжысёр Дар'я Жук падтрымала меркаванне аб правільнасці пазіцыі наконт сумесных праектаў. Яна зняла поўнаметражны фільм "Хрусталь" з дапамогай некалькіх замежных удзельнікаў. На думку рэжысёра, якая скончыла Калумбійскі ўніверсітэт, "у Беларусі не хапае асяроддзя, у якім можна насычацца, развівацца, а не варыцца ва ўласным саку". Адрыў ад сусветнага кінематографа таксама не дае магчымасці развівацца беларускаму кіно. Пры гэтым малады рэжысёр лічыць вельмі важным, што ў Беларусі дзяржава імкнецца падтрымліваць пачынаючых аўтараў, прадастаўляючы дапамогу ў здымцы першых карцін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі