Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 жніўня 2017, 18:22

Літаратары з дзесяці краін прымуць удзел у Дні беларускага пісьменства ў Полацку

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Літаратары з дзесяці краін прымуць удзел у Дні беларускага пісьменства, які пройдзе ў Полацку 2-3 верасня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Запрашэнні накіраваны прадстаўнікам творчай эліты з Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Казахстана, Узбекістана, Літвы, Польшчы, Сербіі, Францыі.

У мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства будуць таксама ўдзельнічаць больш за 100 літаратараў з усёй Беларусі. Госці свята збяруцца на пасяджэнні міжнароднага круглага стола "Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы" 2 верасня, які прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Тэмай абмеркавання стане культурная спадчына Беларусі.

На дзень раней, 1 верасня, будуць гучаць словы пажаданняў літаратараў юным беларусам. У бягучым годзе ў Полацку ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, прымуць удзел чытальнікі, фіналісты рэспубліканскага творчага конкурсу "Жывая класіка". Перад дзецьмі выступяць вядомыя майстры слова Міхаіл Пазднякоў, Навум Гальпяровіч, Алена Стэльмах. Пасля гэтага ў падарожжа па святочным горадзе дзяцей запросіць Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Гальпяровіч.

Як адзначыла Алена Стэльмах, фінал конкурсу "Жывая класіка", які пройдзе ў полацкім гарадскім Палацы культуры 2 верасня, абяцае быць цікавым і яркім. Больш за 13 тыс. школьнікаў прынялі ўдзел у творчым спаборніцтве. У Полацку стануць вядомы імёны лепшых чытальнікаў. Дарэчы, аднаму з чытальнікаў СПБ падрыхтаваў спецыяльны прыз. Акрамя таго, пераможцаў конкурсу Міністэрства адукацыі заахвоціць пуцёўкамі ў аздараўленчы лагер "Зубраня". Канал "Сталічнае тэлебачанне" плануе прадставіць тэлеверсію гэтага праекта ў эфіры 3 верасня.

Важнай падзеяй святочнай праграмы 2 верасня стане цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Імёны лепшых беларускіх аўтараў за кнігі, выдадзеныя ў 2016 годзе, журы вызначыла ў сямі намінацыях: "Проза", "Паэзія", "Драматургія", "Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства", "Публіцыстыка", "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", "Лепшы дэбют".

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец у час гэтай урачыстасці ўручыць кіраўніцтву Полацка бібліятэку твораў сучасных беларускіх аўтараў.

Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама прадставіць літаратурна-музычную праграму "Як на свет нарадзіўся Янка" па матывах рок-оперы "Курган", у стварэнні якой удзельнічаў вядомы паэт Андрэй Скарынкін.

Творчую эстафету на галоўнай сцэне падхопяць беларускія паэты, члены пісьменніцкага саюза. Да іх далучацца артысты, музыканты, таксама члены СПБ. Напрыклад, Таццяна Атрошанка рыхтуе прэм'еру песні "Наш дом". З новымі песеннымі кампазіцыямі выйдзе на сцэну Канстанцін Цыбульскі.

Літаратурна-музычная кампазіцыя "Пісьменнікі - землякам" стане яшчэ адным своеасаблівым падарункам палачанам і гасцям свята ад майстроў мастацкага слова.

На працягу двух дзён у прывабнай мясціне - каля гарадскога фантана - будзе працаваць творчая пляцоўка "Слова пісьменніка". Свае забаўляльна-пазнавальныя праграмы рыхтуе кожнае аддзяленне СПБ. Сярод найбольш актыўных прамоўцаў вядомыя літаратары Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Таццяна Дземідовіч, Анатоль Аўруцін, Сяргей Давідовіч, Наталля Касцючэнка, Валянціна Паліканіна, Іван Юркін і іншыя.

На пляцоўцы "Слова пісьменніка" прагучаць і ўзнёслыя вершы, і бардаўскія песні. Тут пройдуць аўтограф-сесіі, у час якіх можна будзе набыць кнігі, атрымаць аўтографы, паразмаўляць.

У Полацку таксама адбудзецца прэзентацыя аўдыядыска з лепшымі творамі конкурсу "Душой Скарыны ўзлашчанае слова", які праводзіў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Творы агучаны галасамі вядомых акцёраў: заслужанай артысткі Тамары Нікалаевай-Апіёк, акцёра і рэжысёра беларускага радыё Алега Вінярскага, артысткі літаратурнага тэатра "Слова", уладальніцы медаля Францыска Скарыны Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі